25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лёсавызначальны выбар

142
Лёсавызначальны выбар

Абранне Андрэя Саннікава прэзідэнтам будзе азначаць канец эпохі варварства і хамства ў Беларусі.

Некалькі месяцаў таму я надрукаваў артыкул, дзе прапанаваў пачаць абмеркаванне на старонках «Народнай Волі» пытання, каго з дзеячаў апазіцыі прызнаць яе адзіным лідарам. Меў на ўвазе найперш відавочны факт некарыснасці на выбарах ажно дзевяці канкурэнтаў у нязменнага прэзідэнта Беларусі. Мабыць, прапанова была дачасная, бо ішлі допыты арыштаваных, а судоў наогул не было. Зараз сітуацыя іншая. І нарэшце прыйшоў першы водгук на мой артыкул.

Маю на ўвазе цікавы ліст П.Мурашкі з Магілёва «Декабристы», надрукаваны ў «Народнай Волі» №71—72 за 17—19 мая 2011 года. Аўтар справядліва ставіць у віну дэмакратычным кандыдатам у прэзідэнты няздольнасць аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата. А таксама аналізуе некаторыя тактычныя памылкі выбарчай кампаніі. З гэтым спрачацца немагчыма. Але аўтар кідае папрок і ў мой бок: «Юрий Ходыко предлагает из этой же оппозиции выбрать нового лидера. Я категорически не согласен с этим. Есть правило: с проигравшего стратегическое сражение командующего снимают не только погоны, но иногда и голову».

У гэтай у цэлым справядлівай заўвазе ёсць два палажэнні, якія пярэчаць артыкулу самога П.Мурашкі. Па-першае, у канцы ён сам заклікае У.Някляева аднавіць рух «Гавары праўду!». А па-другое, у 2010 годзе ў нас (дэмакратычнай апазіцыі) не было «камандуючага». За паразу ў кампаніі 2006 года сапраўды пагоны «камандуючага» былі зняты з кіцеля А.Мілінкевіча. Ён застаўся проста кіраўніком буйной па нашых маштабах NGO. А вось кампанія 2010 года была не «стратэгічным сражэннем» а жорсткім выпрабаваннем мэт, здольнасцяў, маральных якасцяў тых, хто прапанаваў сябе на ролю агульнанацыянальнага лідара. Лукашэнкаўскія сатрапы давяршылі працэдуру селекцыі. Дастаткова паглядзець на прысуды былым кандыдатам, каб зразумець, каго ўладная камарылля баіцца болей за ўсіх.

І на першым месцы стаіць Андрэй Саннікаў. Нават Лідзія Ярмошына паставіла яго вышэй за астатніх сапернікаў Лукашэнкі. І гэта было толькі скажонае адлюстраванне народнай падтрымкі, якую заваяваў адукаваны, інтэлігентны, здольны чалавек. Мы так прызвычаіліся да хамства і брахні з экранаў тэлевізараў, што поспех Саннікава здаецца сапраўдным прарывам. Пробліскам надзеі. Таму хачу нагадаць тыя крокі на жыццёвым шляху, якія прывялі Андрэя Алегавіча да права быць агульнанацыянальным лідарам.

Выдатная адукацыя, вяршыня якой — мідаўская Акадэмія ў Маскве. Бліскучы пачатак кар’еры. Праца за мяжой у Нью-Ёрку і Жэневе. І тут Беларусь набывае незалежнасць. У 37 год Андрэй вяртаецца на радзіму і становіцца намеснікам міністра замежных спраў новай краіны. Яго галоўнае дасягненне ў гэты час — перамовы аб выдаленні атамнай зброі з тэрыторыі Беларусі. Перамовы паспяховыя, бо краіна стала бяз’ядзернай і атрымала грашовую кампенсацыю. Але надыходзіць 1996 год... Улада першага прэзідэнта, відавочнага ахлакрата, захісталася. З яго першага ўрада напярэдадні сумнавядомага рэферэндуму аб увядзенні дыктатуры выходзяць трое: прэм’ер-міністр М.Чыгір, міністр А.Сасноў і намеснік міністра А.Саннікаў. Як часта мы недаацэньваем такіх людзей! Ды і зразумела. Пераважная большасць нашай апазіцыі — «худыя людзі». «Тоўстых людзей» — наменклатуры — у яе шэрагах мала. І мы схільныя недаацэньваць велічыню ахвяры, якую яны прыносяць на алтар дэмакратыі і незалежнасці. Недаацэньваць іх жыццёвы і палітычны вопыт.

Больш за тое, у дэмакратычных асяродках папулярнымі сталі дзве фобіі. Фобія камунізму і русафобія. Яны часам перашкаджаюць аб’яднанню дэмсіл і стварэнню магутнай апазіцыйнай плыні. Смешна чуць з вуснаў маладых людзей, якія ў часы СССР у лепшым выпадку ў школу хадзілі, філіпікі супраць камунізму. Адкуль новым хрысціянскім дэмакратам ведаць, што, пакуль марксізм не запляміў свае рукі крывёю, адукаваныя і паважаныя людзі называлі яго скажоным хрысціянствам, хрысціянскай ерассю.

А замест таго, каб змагацца з рускай школай і рускай царквой, якія дарабілі тут тое, што не дарабіў рускі штых, нам прапануюць змагацца з Масквой, што ёсць проста шаленства. Адносіны з суседняй краінай павінны быць добрыя і ўзаемавыгадныя. Незалежнасць умацоўваецца не варажнечай, а самасвядомасцю.

Гэтыя адхіленні патрэбны мне, каб падкрэсліць, што выхадзец з наменклатуры Андрэй Саннікаў ужо 15 год змагаецца за дэмакратыю, за справядлівасць, за Беларусь. У 1997 годзе ён стварыў рух «Хартыя’97» па ўзоры чэшскай «Хартыі’77». Падтрымаў і ўзначаліў Народны ўніверсітэт, які працаваў у 32 гарадах Беларусі і падвысіў палітычную культуру амаль тысячы дэмакратычных актывістаў, пакуль не быў забаронены. Падтрымаў «зуброў», стварыў папулярны сайт і рух «Еўрапейская Беларусь» і даспеў, каб кінуць адкрыты выклік рэжыму А.Лукашэнкі.

Нарэшце, А.Саннікаў — выхадзец са старой беларускай інтэлігенцкай сям’і. Гэта вельмі цэнна, бо менавіта інтэлігенцыя была галоўным аб’ектам сталінскіх рэпрэсій і подлай палітыкі стварэння кампрадорскай прадажнай «праслойкі», якая і інтэлігенцыяй называцца не мае права. Таму абранне А.Саннікава прэзідэнтам ці ў мяркуемым другім туры, ці ў новых выбарах па дэмакратычных правілах будзе азначаць канец эпохі варварства і хамства ў Беларусі. Беларусы, можа быць, упершыню пачнуць жыць у нармальнай вольнай краіне. Мужнасць Андрэя ў выпрабаваннях, яго стойкасць дае нам такую надзею.

Юрый Хадыка, «Народная воля»

Напісаць каментар 142

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках