25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўрапарламенце прайшлі слуханні па Беларусі

28
У Еўрапарламенце прайшлі слуханні па Беларусі

Сітуацыя ў Беларусі можа быць вырашаная толькі шляхам карэнных зменаў у краіне, заявілі на слуханнях.

Як гаворыцца ў камюніке, распаўсюджаным па выніках слуханняў, Камітэт па міжнародных справах Еўрапарламента сумесна з падкамітэтам па правах чалавека і дэлегацыяй па адносінах з Беларуссю правёў 13 ліпеня ў Брусэлі слуханні па сітуацыі ў краіне з удзелам міжнародных экспертаў.

Каментуючы бягучыя пратэстныя выступы ў Беларусі, кіраўнік экспертнай групы АБСЕ па свабодзе мірных сходаў Ніл Джарман заявіў, што «як толькі джын быў выпушчаны з бутэлькі (што адбылося з выхадам людзей на вуліцы 19 снежня), яго ўжо вельмі складана загнаць назад». Сітуацыя, на ягоны погляд, можа быць вырашаная толькі шляхам карэнных зменаў у краіне, перадае БелаПАН.

Прафесар права Парыжскага універсітэта Эмануэль Дэко, прызначаны дакладчыкам «Маскоўскага механізму» АБСЕ па Беларусі, заявіў, што захапленне еўрапейскіх палітыкаў тым, што адбываецца ў арабскім свеце, не павінна прывесці да таго, што тое, што адбываецца ў самым цэнтры Еўропы, у Беларусі, выслізне ад іхняй увагі. Па ягоных словах, трэба не дапусціць таго, каб «арабская вясна» прывяла да «еўрапейскай зімы».

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі адзначыў, што міжнародны ціск на ўлады Беларусі пакрысе пачынае даваць вынікі, што прыкметна, напрыклад, па адклiканні пазову Мінінфармацыі да газеты «Наша ніва».

Па выніках сустрэчы старшыня камітэта па міжнародных справах Габрыэль Альберціні і кіраўнік дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч выступілі з сумеснай заявай, у якой выяўляецца занепакоенасць не толькі падзеямі, якія непасрэдна рушылі за разгонам акцыі пратэсту ў Менску 19 снежня 2010 года, але і тым, што адбываецца цяпер ціскам на ініцыятараў і ўдзельнікаў маўклівых акцый, а таксама незалежных журналістаў і СМІ.

Парламентарыі заклікалі беларускія ўлады «неадкладна спыніць пераслед альбо любыя іншыя зневажальныя дзеянні ў дачыненні да беларускага грамадства», а таксама «ўстрымацца ад любых падобных дзеянняў у будучыні».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках