25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПА АБСЕ абмяркуе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

4
ПА АБСЕ абмяркуе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

Сталы камітэт Парламенцкай асамблеі АБСЕ на пасяджэнні 6 ліпеня адобрыў абмеркаванне праекта рэзалюцыі па Беларусі ў ходзе цяперашняй сесіі арганізацыі.

20-я сесія ПА АБСЕ адкрылася ў Бялградзе сёння і будзе працаваць па 10 ліпеня. На ёй прысутнічае афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-спікерам «палаты прадстаўнікоў» Віктарам Гумінскім.

У межах цяперашняй сесіі плануецца абмеркаваць праекты 25 рэзалюцый. З іх чатыры дакументы, у тым ліку аб захаванні правоў чалавека ў Беларусі, будуць абмяркоўвацца на пленарным пасяджэнні сесіі 9 ліпеня, паведамляе прэс-служба ПА АБСЕ.

У праекце рэзалюцыі па Беларусі ПА патрабуе ад уладаў правесці незалежнае міжнароднае расследаванне інфармацыі аб катаваннях у беларускіх турмах.

Дакумент заклікае Беларусь дапусціць на сваю тэрыторыю незалежнага эксперта, прызначанага АБСЕ пасля звароту да «Маскоўскага механізму», для бесперашкоднага пачатку і правядзення сваёй працы.

Праект рэзалюцыі змяшчае патрабаванне неадкладна вызваліць усіх затрыманых за ўдзел у дэманстрацыі 19 снежня 2010 года, якіх ПА АБСЕ лічыць палітычнымі зняволенымі.

ПА АБСЕ таксама мае намер заклікаць афіцыйны Менск да шчыльнага супрацоўніцтва з прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ для вырашэння праблем, звязаных з пагрозай закрыцця незалежных СМІ, і распрацаваць заканадаўства аб СМІ ў духу прынцыпаў АБСЕ.

У рэзалюцыі выказаная надзея на тое, што беларускія ўлады не адновяць рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і надалей не будуць забараняцца мірныя дэманстрацыі і сходы.

Аўтары праекта рэзалюцыі заклікаюць улады Беларусі спыніць пераслед, запалохванне і рэпрэсіі сябраў апазіцыйных палітычных партый у форме звальненняў з працы і выключэння з універсітэтаў.

ПА АБСЕ выказвае шкадаванне з нагоды пераследу беларускіх НДА і заклікае афіцыйны Менск спрасціць працэс іх рэгістрацыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках