25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: «Нельга ваўка зрабіць вегетарыянцам»

60
Станіслаў Шушкевіч: «Нельга ваўка зрабіць вегетарыянцам»

Станіслаў Шушкевіч і Ірына Багданава сустрэліся з дэлегацыяй ПА АБСЕ па Беларусі.

Сустрэча адбылася 7 ліпеня ў Бялградзе ў межах штогадовай сесіі ПА АБСЕ.

Прадстаўнікі працоўнай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі на чале з Утай Цапф сустрэліся з першым кіраўніком незалежнай Беларусі, лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіславам Шушкевічам і Ірынай Багданавай, сястрой кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, а таксама з прадстаўнікамі Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй у Беларусі Юрыем Джыбладзэ, Вольгай Захаравай і Валянцінам Стэфановічам.

Бакі абмеркавалі дзеянні, якія неабходна распачаць для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Як распавяла сайту charter97.org Ірына Багданава, на сустрэчы і дэпутатамі ПА АБСЕ праваабаронцы распавялі аб сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, а таксама аб апошніх масавых рэпрэсіях у краіне, калі за акцыі маўклівага пратэсту былі арыштаваныя каля 2.000 чалавек.

Сябры Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй у Беларусі прадставілі неабходныя патрабаванні да беларускіх уладаў: вызваленне палітвязняў, іх поўная рэабілітацыя, расследаванне непрапарцыйнага прымянення сілы супрацоўнікамі сілавых структураў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, спыненне ганенняў супраць дэманстрантаў, расследаванне катаванняў і жорсткага абыходжання ў турмах у дачыненні да палітвязняў, спыненне ціску на журналістаў і праваабаронцаў.

«Я звярнула ўвагу дэпутатаў ПА АБСЕ на тое, што, калі яны гавораць пра Беларусь, яны павінныя памятаць, што гаворка ідзе аб 9,5 мільёнах чалавек, якія штодня і штогадзіны пакутуюць ад дыктатарскага рэжыму. За гэтымі лічбамі стаяць лёсы канкрэтных людзей.

Гаворачы пра палітвязняў, я заклікала дэпутатаў памятаць, што сёння жыццё і здароўе шматлікіх з іх у небяспецы. Зміцер Бандарэнка можа быць паралізаваны, Мікіта Ліхавід пакутуе ў карцэры, што са здароўем Зміцера Уса, мы нават не ведаем. Тое, што адбываецца з палітвязнямі - гэта пекла і для іхніх сваякоў.

Калі ў мяне спыталі, якія навіны пра майго брата Андрэя Саннікава, я адказала: «Вельмі добрыя! Зараз у яго хоць бы ёсць спальнае месца ў ізалятары». І дадала: «Вы бачыце, наколькі гэта дзіка гучыць, што мы радуемся ўжо таму, што чалавек не спіць у турме на падлозе?», - распавяла Ірына Багданава.

Станіслаў Шушкевіч заявіў, што «ён не наіўны, але ўдзячны, што Еўропа цяпер прытрымліваецца паслядоўнай пазіцыі ў дачыненні да Беларусі». Палітык заклікаў еўрапейцаў працягваць і не збочваць з гэтага курсу.

«Нельга ваўка зрабіць вегетарыянцам. Гэта трэба заўсёды памятаць, трымаць Беларусь у фокусе і не спыняць ціск на дыктатара», - адзначыў Станіслаў Шушкевіч.

9 ліпеня на пленарным пасяджэнні сесіі будзе абмяркоўвацца рэзалюцыя аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падрыхтаваная Утай Цапф.

Праект рэзалюцыі па Беларусі быў ухвалены 6 ліпеня на пасяджэнні Сталага камітэта ПА АБСЕ. У ім утрымліваецца патрабаванне да афіцыйнага Менску правесці незалежнае міжнароднае расследаванне інфармацыі аб катаваннях у беларускіх турмах.

Дакумент заклікае Беларусь дапусціць на сваю тэрыторыю незалежнага эксперта, прызначанага АБСЕ пасля звароту да «Маскоўскаму механізму», для бесперашкоднага пачатку і правядзення сваёй працы.

Праект рэзалюцыі змяшчае патрабаванне неадкладна вызваліць усіх затрыманых за ўдзел у дэманстрацыі 19 снежня 2010 года, якіх ПА АБСЕ лічыць палітычнымі зняволенымі.

ПА АБСЕ таксама мае намер заклікаць афіцыйны Менск да шчыльнага супрацоўніцтва з прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ для вырашэння праблем, звязаных з пагрозай закрыцця незалежных СМІ, і распрацаваць заканадаўства аб СМІ ў духу прынцыпаў АБСЕ.

У рэзалюцыі выказаная надзея на тое, што беларускія ўлады не адновяць рэпрэсіі супраць праваабаронцаў і надалей не будуць забараняцца мірныя дэманстрацыі і сходы.

Аўтары праекта рэзалюцыі заклікаюць улады Беларусі спыніць пераслед, запалохванне і рэпрэсіі сябраў апазіцыйных палітычных партый у форме звальненняў з працы і выключэння з універсітэтаў.

ПА АБСЕ выказвае шкадаванне з нагоды пераследу беларускіх няўрадавых арганізацый і заклікае афіцыйны Менск спрасціць працэс іх рэгістрацыі.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках