25 лiстапада 2024, панядзелак, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка нерваваўся на саміце АДКБ

135
Лукашэнка нерваваўся на саміце АДКБ

У Астане адбыўся нефармальны саміт кіраўнікоў краін, якія ўваходзяць у Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Кіраўнікі дзяржаваў-сябраў АДКБ вырашылі паскорыць працэс стварэння Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. На брыфінгу пасля паседжання ў Астане Аляксандр Лукашэнка публічна прызнаў, што ў АДКБ «ёсць шэраг недахопаў, у тым ліку і ўнутранага парадку». Пры гэтым абмовіўся, што мае на ўвазе не толькі праблемы, якія існуюць у краін АДКБ, але і паміж самімі краінамі, якія ў арганізацыю ўваходзяць, перадае «Радыё Свабода».

Сёння на саміце былі прадстаўленыя Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан. Адсутнічаў прэзідэнт Узбекістана Карымаў.

Адкрыў пасяджэнне Аляксандр Лукашэнка, паколькі Беларусь цяпер старшынюе ў АДКБ. Ён прапанаваў звярнуць найбольшую ўвагу на глабальныя рэгіянальныя пагрозы:

«У шэрагу краін гэтага рэгіёну разгортваюцца разбуральныя працэсы, якія патрабуюць пільнай увагі, а магчыма, і адпаведнага рэагавання ў інтарэсах гарантавання бяспекі і стабільнасці нашых дзяржаваў».

Як раз стабільнасці і не хапае некаторым краінам АДКБ, што асабліва выразна было бачна падчас нядаўніх падзеяў у Кыргызстане, адзначае дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, спецыяліст у галіне міжнароднай бяспекі Вячаслаў Пазняк. Нездарма ў АДКБ стварылі калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання. Але яны, на думку вучонага, сталі і самай балючай праблемай АДКБ. Такая вайсковая групоўка нібыта ёсць, але да гэтага часу лідэры краін-удзельніц так канчаткова і не ўзгаднілі механізм яе дзеяння.

Асцярожнасць і нават падазронасць прэзідэнтаў, тлумачыць Пазняк, рэзка ўзрасла пасля звяржэння ў Кыргызстане прэзідэнта Бакіева. Калі ўявіць, што падобная сітуацыя паўстане ў любой іншай краіне АДКБ, то туды могуць дэсантаваць войскі аператыўнага рэагавання. І адразу ўзнікае пытанне: хто будзе камандаваць гэтымі сіламі і на чый бок у канфлікце стане такі камандзір? І самы асцярожны з кіраўнікоў краін - як раз Аляксандр Лукашэнка.

«Тэхнічныя, падавалася б, моманты на самой справе становяцца сур'ёзнымі палітыка-прававымі засцярогамі беларускага боку. Гэта значыць можна сказаць, што тут уся справа ў праве кантролю за спускавым механізмам выкарыстання калектыўных сіл. І гэта найбольш турбуе беларускі бок. Зразумела, што тут вось такім спецыфічным чынам выяўляецца трывога за захаванне сваёй улады. І таму перадача, і нават падзел, кантролю за калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання можа значыць страту некаторых уласных інструментаў, з пункту гледжання беларускага кіраўніцтва», - упэўнены Пазняк.

Пасля афіцыйнай часткі праграмы ўдзельнікі саміту па запрашэнні Нурсултана Назарбаева перабіраюцца на курорт Баравое.

Напісаць каментар 135

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках