24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяфціеў знайшоў шчыліну ў санкцыях ЕЗ?

116
Пяфціеў знайшоў шчыліну ў санкцыях ЕЗ?

Еўразвяз можа стварыць небяспечны прэцэдэнт, які прывядзе да адмены візавых санкцый супраць галоўных змоўшчыкаў Лукашэнкі.

Як паведаміла сайту charter97.org крыніца ў дыпламатычных колах, беларускія чыноўнікі і бізнесмены, якія сёння трапілі пад санкцыі Еўразвяза, спрабуюць правесці аперацыю, мэта якой - выключэнне іх з «чорнага спісу» ЕЗ.

«Пробным шарам» у спробе знайсці шчыліну ў бюракратычных працэдурах Еўразвяза стала былая намесніца галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Ганна Шадрына, якая не без дапамогі набліжанага да Лукашэнкі алігарха - кіраўніка «Белтэхэкспарту» Уладзіміра Пяфціева - спрабуе праз суд дамагчыся выключэння свайго прозвішча з «чорнага спісу» ЕЗ.

Фармальна, яна звольнілася з «рупара» адміністрацыі Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і лічыць сябе недатычнай да фальсіфікацый і рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Цяпер кіраўніцтва ЕЗ патрабуе ад кіраўнікоў дыпмісій у Менску канкрэтных доказаў віны пакрыўджанай «журналісткі».

«Даклад намі быў падрыхтаваны. У ім гаварылася, што Шадрына так і не выбачылася за свае артыкулы ў «Советской Белоруссии», датычныя кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі і дэмакратычных актывістаў. І калі напісаных ёю асабіста артыкулаў было не так шмат, тым не менш, яна з'яўлялася рэдактарам іншых паклёпніцкіх матэрыялаў у адрас апазіцыі на старонках «Советской Белоруссии» - друкаванага органа адміністрацыі Лукашэнкі. З Бруселя прыйшоў адказ, што ў дакладзе недастаткова «доказаў віны» Шадрыной і нам было даручана напісаць даклад ізноў. На сёння падрыхтавана ўжо тры даклады. Па наяўнай інфармацыі, праштурхоўваюць расследаванне пры падтрымцы сваіх урадаў чыноўнікі-еўракраты з Рыма, Лісабона, Рыгі і некаторых іншых сталіц. Амбасадары ў Менску, якія добра знаёмыя з сітуацыяй, знаходзяцца пад ціскам сваіх МЗС», - распавяла крыніца.

Дарэчы, у ЕЗ ужо быў прэцэдэнт, калі жонку былога прэзідэнта Кот-д'Івуара Гбагбо суд апраўдаў і зняў забарону на яе ўезд у ЕЗ. Менавіта гэтым чыноўнікі тлумачаць сваю «прыдзірлівасць».

«У Бруселі лічаць, што гэта небяспечна для аўтарытэту ЕЗ. Але праблема ў тым, што пасля Шадрыной - наступны на чарзе Пяфціеў, які ўжо пагражаў падаць у суд. Гэтаму фінансісту Лукашэнкі вельмі перашкаджаюць санкцыі Еўразвяза. Сёння гэты чалавек нясе страты, ўскладненыя бізнес-кантакты. Справа Шадрыной для іх - тэст. За ейнай спіной стаяць беларускі КДБ разам з Пяфціевым.

Калі Брусель будзе і далей патрабаваць нейкіх «доказаў віны», то можна апраўдаць і Лукашэнку. У нас жа няма на руках тэкстаў загадаў, якія аддаваў Лукашэнка - выкрадаць, забіваць, арыштоўваць людзей, фальсіфікаваць выбары. Выходзіць, і ён не вінаваты?», - заявіла крыніца.

Напісаць каментар 116

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках