25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча адмяніла пагадненне з Беларуссю аб прававой дапамозе

3
Польшча адмяніла пагадненне з Беларуссю аб прававой дапамозе

Генпракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт 1 верасня прыпыніў дзеянне беларуска-польскага пагаднення аб спрашчэнні працэдуры прававой дапамогі па крымінальных справах.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу польскай Генпракуратуры.

Гэты дакумент страціць сілу праз 6 месяцаў пасля атрымання беларускім бокам адпаведнага паведамлення, паведамляе прэс-служба польскай Генпракуратуры.

Са спыненнем дзеяння пагаднення абарот прававых дакументаў па крымінальных справах паміж бакамі будзе ажыццяўляцца цэнтралізавана, на падставе беларуска-польскай дамовы аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах ад 1994 года.

У пастанове генпракурора Польшчы таксама паказваецца, што абарот прававых дакументаў з Беларуссю «будзе жорстка кантралявацца і правярацца».

Нагадаем, перададзеная ў Менск Генпракуратурай Польшчы і Мінюстам Літвы інфармацыя аб замежных банкаўскіх рахунках беларускага праваабаронца Алеся Бяляцкага стала падставай для ягонага арышту. Праваабаронца падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры і з 4 жніўня знаходзіцца пад арыштам. Яму пагражае турэмнае зняволенне да сямі гадоў.

І ў Варшаве, і ў Вільні заявілі, што ўлады Беларусі злоўжылі сістэмай міжнародных працэдур і дамоваў для рэпрэсій у дачыненні да ўласных грамадзянаў.

У сувязі са скандалам вакол арышту Алеся Бяляцкага падаў у адстаўку кіраўнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Генпракуратуры Польшчы Кшыштаф Каршніцкі, ягоная намесніца Ганна Вісьнеўска вызваленая ад пасады.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках