25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра Беларусь на канферэнцыі АБСЕ: Рэжым Лукашэнкі небяспечны

25

Сітуацыя ў Беларусі самым актыўным чынам абмяркоўваецца на нарадзе АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве.

Адкрываючы нараду 26 верасня, старшыня Камітэта Парламенцкай асамблеі АБСЕ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях Матэа Макачы заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў. Палітык адзначыў, што ПА АБСЕ расчараваная падзеямі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі з закрыццём офіса АБСЕ ў Менску.

Па словах Матэа Макачы, у Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека па ўсіх напрамках, пераследуюцца апазіцыя і грамадзянская супольнасць.

Генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Хадзіжа Шэрыф у сваім выступе акцэнтавала ўвагу на арышце ў Беларусі старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-старшыні МФПЧ Алеся Бяляцкага. «Некаторыя еўрапейскія краіны падзяляюць адказнасць за арышт праваабаронцы, - адзначыла яна. - У прагматычных мэтах яны супрацоўнічаюць з дыктатарскім рэжымам». На знак салідарнасці праваабаронцы, якія прымалі ўдзел у саміце, слухалі выступ Хадзіжы Шэрыф стоячы. На іх былі апранутыя футболкі з партрэтамі Бяляцкага.

Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе слова Дуня Міятавіч падчас адкрыцця пленарнага пасяджэння заявіла, што Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе заўсёды змагалася за бяспеку журналістаў і плюралізм меркаванняў ў СМІ, але за апошні год сітуацыя ў рэгіёне АБСЕ пагоршылася: журналісты па-ранейшаму арыштоўваюцца, а газеты закрываюцца. Свабода слова працягвае абмяжоўвацца і неабходна не толькі гаварыць - трэба прадпрымаць канкрэтныя меры, каб дамагацца рэальных зменаў у гэтай сітуацыі.

«Тэхнічны прагрэс даў больш магчымасцяў доступу да інфармацыі, але многія дзяржавы імкнуцца іх абмяжоўваць. Інтэрнэт - фантастычны рэсурс, які карэнным чынам змяніў нашае грамадства да лепшага. Ён будзе працягваць аказваць станоўчае ўздзеянне - калі мы дазволім гэта. Рэцэпт просты: Інтэрнэт павінен заставацца вольным.

Не можа быць бяспекі без свабоды СМІ, і наадварот - не можа быць свабоды СМІ, калі ў дзяржаве небяспечна. АБСЕ каштоўная тым, што здольная да самакрытыкі. Сёння патрэбныя канкрэтныя меры для таго, каб змяніць сітуацыю. Абавязальніцтвы АБСЕ ўніверсальныя. Я жа бачу тэндэнцыю: некаторыя краіны АБСЕ прымаюць заканадаўства аб СМІ з агаворкамі, спасылаюцца на нейкія асаблівасці нацыянальнага заканадаўства. Трэба мяняць нацыянальнае заканадаўства, калі яно супярэчыць прынцыпам АБСЕ», - заявіла Дуня Міятавіч.

Звяртаючыся да праблемы гвалту ў дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі, Міятавіч адзначыла, што ўрадам неабходна прыцягнуць да адказнасці тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць журналістаў у межах стратэгіі па павышэнні бяспекі журналістаў.

«Мы павінныя стала паўтараць імёны мужных людзей, якія страцілі свае жыцці за словы, якія яны напісалі», - сказала яна. «Яны - авангард за свабоду слова, свабоду выказвання і, нарэшце, свабоднае і дэмакратычнае грамадства».

Дэлегацыя Злучаных Штатаў Амерыкі арганізавала ў межах нарады АБСЕ пасяджэнне на тэму «Асноўныя свабоды ў лічбавую эпоху». На паседжанне выступілі памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека Томас Меліа, прадстаўнік АБСЕ па свабодзе слова Дуня Міятавіч, рэдактарка ​​беларускага сайту charter97.org Наталля Радзіна і палітычны дарадца Google Агата Вацлавік Вейман.

Памочнік Хілары Клінтан Томас Меліа, кажучы пра рэпрэсіі супраць журналістаў у свеце, спыніўся на беларускай сітуацыі, вітаючы рэдактарку сайта charter97.org:

«Сайт charter97.org паведамляе аб рэпрэсіях, якія адбываюцца ў Беларусі. За гэта Наталля Радзіна была арыштаваная ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, сядзела ў турме, і ёй пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі. Журналістка змагла бегчы з Беларусі ў Расею, дзе Упраўленне вярхоўнага камісарыяту ААН па справах бежанцаў і шэраг краін дапамаглі ёй з'ехаць на Захад. Вы не ўяўляеце, наколькі мы радыя вітаць сёння Наталлю тут».

Дуня Міятавіч ў сваім выступ адзначыла, што ўсё большая колькасць дзяржаваў прадпрымаюць крокі для празмернага кантролю за доступам да Інтэрнэту.

«Наталля Радзіна - гэта доказ таго, наколькі мы маем рацыю, калі змагаемся за свабоду слова і за бяспеку журналістаў. Яна прайшла праз страшныя рэчы, толькі таму, што з'яўляецца адважным журналістам. І яна такая не адна. Я ведаю шмат журналістаў, якія сядзяць у турмах. Гэта не лічбы, гэта жывыя людзі», - сказала прадстаўніца АБСЕ па свабодзе слова.

Дуня Міятавіч выказала таксама занепакоенасць пераследам у Беларусі журналісткі Ірыны Халіп, у якой сёння самыя жорсткія ўмовы адбывання пакарання з тых, хто пасля судоў па справе 19 снежня не быў прысуджаны да турэмнага зняволення. Халіп асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на два гады, знаходзіцца пад сталым кантролем міліцыі і КДБ і не можа пакідаць не толькі тэрыторыю Беларусі, але і сваю кватэру пасля 22.00. Прадстаўніца АБСЕ даўно хоча наведаць Беларусь і ўсіх рэпрэсіраваных ў Беларусі журналістаў, аднак беларускія ўлады адмаўляюць ёй ва ўязной візе.

Рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна у сваім выступе на пасяджэнні АБСЕ адзначыла, што сёння ў Беларусі ні адзін незалежны журналіст не можа адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль ва ўладзе знаходзіцца дыктатар Лукашэнка.

«Усе 17 гадоў дыктатуры ў Беларусі няма свабоды слова, адсутнічаюць незалежныя тэлеканалы, радыё і закрытыя практычна ўсе незалежныя газеты. Дзве пакінутыя рэспубліканскія газеты «Народная воля», «Наша Ніва» кожны дзень змагаюцца за сваё існаванне і могуць быць закрытыя ў любы момант. У гэтых умовах, узрасла роля Інтэрнэту. Гэта сёння адзіная адносна дасяжная крыніца праўдзівай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне. У адказ улады ўзмацнілі рэпрэсіі. Указ аб Інтэрнэце, які дзейнічае сёння ў Беларусі, блакуе папулярныя незалежныя інтэрнэт-рэсурсы ў дзяржаўных установах. Сайты charter97.org, «Беларускі партызан», «Радыё Свабода», «Нашай Нівы», «Еўрарадыё» блакуюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў час выступленняў апазіцыі або ў дні выбараў. Аднак улады знайшлі іншы спосаб барацьбы са свабодай слова ў Інтэрнэце. Прыклад таму - сайт charter97.org.

На працягу апошняга года супраць сайта былі ўзбуджаныя некалькі крымінальных справаў, прайшло пяць ператрусаў, канфіскаваныя дзясяткі кампутараў. У верасні 2010 года быў знойдзены павешаным заснавальнік charter97.org Алег Бябенін. У нас ёсць усе падставы лічыць, што гэта было забойства, замаскіраванае пад самагубства. У дзень выбараў я была арыштаваная і правяла паўтара месяцы ў турме, пасля чаго была вымушаная бегчы з краіны, паколькі працаваць у такіх умовах стала немагчымым.

Такім чынам беларускія ўлады распраўляюцца з непажаданымі самым брутальным чынам. Што трэба рабіць для бяспекі журналістаў у Беларусі? Змагацца з дыктатурай. Пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, ні журналісты, ні звычайныя грамадзяне Беларусі не могуць быць у бяспецы».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках