25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Туск: ЕЗ гатовы прадаставіць Беларусі да 9 мільярдаў еўра

220
Туск: ЕЗ гатовы прадаставіць Беларусі да 9 мільярдаў еўра

На саміце «Усходняга партнёрства» быў прыняты «пакет прапановаў» для Беларусі.

Аб гэтым прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве.

У выпадку выканання гэтых прапановаў Беларусь можа разлічваць на дапамогу ў памеры 9 мільярдаў еўра. Гэта перш за ўсё гранты і крэдыты ад сусветных банкаў, паведамляе «Наша Ніва».

У пакет прапановаў ўваходзіць вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, перамовы ўладаў з апазіцыяй, свабодныя парламенцкія выбары. Патрабавання адстаўкі Лукашэнкі сярод патрабаванняў няма.

«Упершыню сітуацыя, калі Еўразвяз салідарна і рашуча ставіць умову рэальных, не радыкальных, зменаў у Беларусі. Гэта мінімум патрабаванняў», - кажа Дональд Туск. На ягоную думку, Беларусь можа выйсці з «драматычнай сітуацыі» толькі пры знешняй дапамозе, аднак, каб гэтая дапамога была, патрэбнае захаванне правоў чалавека.

Туск адзначыў, што гэтыя грошы могуць дапамагчы Беларусі выйсці са складанай эканамічнай сітуацыі, умацаваць курс нацыянальнай валюты.

«Еўропа паслала Менску вельмі моцны сігнал», - сказаў старшыня Еўразвяза Херман ван Рампей. Па ягоных словах, Еўразвяз зацікаўлены ў дэмакратычнай Беларусі.

***

Нагадаем, што сёння Беларусь афіцыйна адмовілася ад удзелу ў саміце Усходняга партнёрства.

«Напярэдадні саміту Усходняга партнёрства ягоныя арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя меры ў дачыненні да Беларусі. Яны адмовіліся накіраваць запрашэнне кіраўніку беларускай дзяржавы, - гаворыцца ў заяве МЗС. - Услед за гэтым прызначаны Беларуссю кіраўнік яе дэлегацыі быў абмежаваны ва ўдзеле ў мерапрыемствах саміту».

МЗС расцэньвае гэтыя дзеянні як «найбольш грубае парушэнне базавых прынцыпаў Усходняга партнёрства, ўзгодненых на першым саміце ў Празе ў 2009 годзе». У заяве падкрэсліваецца: «Рашэнні саміту, што закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь і прынятыя без прамой згоды нашай краіны, будуць нелегітымныя. Без удзелу Беларусі значнасць партнёрства сур'ёзна губляецца».

Напісаць каментар 220

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках