26 лiстапада 2024, aўторак, 1:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заробак - мясам

43
Заробак - мясам

Натуральная аплата працы, якая шырока выкарыстоўвалася ў 1990-х гадах, вяртаецца.

У прыватнасці, Барысаўскі мясакамбінат выдае сваім працаўнікам частку заробкаў наборамі з мяса-касцяных напаўфабрыкатаў. У адміністрацыі прадпрыемства заяўляюць, што гэтым дапамагаюць сваім супрацоўнікам: ратуюць іх ад дарагоўлі на прадукты, перадае «Радыё Свабода».

Ірына з фірмовай крамы «Смак» у Барысаве паведаміла, што такая форма разліку з супрацоўніками мясакамбіната набыла вялікія маштабы.

- Мы, працаўнікі гандлю, атрымліваем такім чынам частку свайго заробку.

- Кажуць, што створаная нават адпаведная кампутарная база з прозвішчамі кожнага?

- Так, вядома. І па табельным нумары пад сваім імем мы атрымліваем гэтыя наборы.

Кошт аднаго кілаграма рэбраў - 17 тысяч 370 рублёў, «костачка» каштуе 9 тысяч 120 рублёў. Таму на яе павышаны попыт, бо гэты тавар недарагі.

- Але ж складана выдаваць таннае мяса кожнаму?

- Сапраўды, як гэта зрабіць? І мяса ў нас бяруць, а не толькі костачкі. Але ў нас загадзя вызначана: два кілаграмы рэбраў, два кілаграмы костачак, фарш, кілбаскі - адзін раз на месяц. Нас жа шмат, а камбінат адзін.

Барысаўскі мясакамбінат рэкламуе сябе як адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў у галіне, а таксама як пастаўшчыка значнай колькасці сваёй прадукцыі ў Расею. Пацвярджае гэта і намеснік дырэктара Уладзімір Канстанцінаў:

«У папярэднім годзе павялічылі на 50% аб'ёмы рэалізацыі на Расею. Туды мы аддаем гатовую прадукцыю - пераважна кілбасныя вырабы. Нам жа «зверху» даюць каманду самім зарабляць валюту. Хацелася і больш нават прадаваць, але на сёння ўтварылася вялікая канкурэнцыя. Усе беларускія прадпрыемствы прадаюць у Расею даволі значныя аб'ёмы сваёй прадукцыі».

Канстанцінаў кажа, што Расея сёння атрымлівае з Барысава пераважна мясныя дэлікатэсы. Дзеля задавальнення патрэбаў Беларусі, як гэта падкрэслівае Уладзімір Канстанцінаў, правялі тэхнічную мадэрнізацыю і вырабляюць зараз самае таннае:

«На сённяшні дзень у асноўным усе субпрадукты ідуць у вытворчасць. Улічваючы тое, што гэтая прадукцыя карыстаецца вялікім попытам, зрабілі вялікі рамонт, уклалі вялікія грошы і цяпер вырабляем велізарны асартымент: сальцісон, слаёнку, ліверку, пашырылі асартымент крывяных кілбас».

На Барысаўскім мясакамбінаце амаль паўтары тысячы працаўнікоў. Многія з іх крытычна ставяцца да аплаты працы ўласнай прадукцыяй.

«У мяне адбіраюць частку заробку на прадукты больш нізкай якасці. Паверце, гэта - крыўдна і пэўным чынам абражае. Мы ж не сляпыя і штодня бачым на працы, як самыя лепшыя кілбасы выбіраюць для Расеі. Таму не толькі я, але і многія тут супраць, што частку заробку не аддаюць, а замест грошай - свіная пячонка», - кажа адзін з працаўнікоў мясакамбіната.

Жыхар Барысава, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін ў адноўленай натуральнай аплаце бачыць прыкмету пагаршэння эканомікі прадпрыемствы ў крызіс:

«Калі ў іх добра ішлі справы, то яны плацілі добрыя заробкі. Нават каб уладкавацца на гэтае прадпрыемства трэба было прыкласці пэўныя намаганні. Відавочна, што на мясакамбінаце ў час эканамічнага крызісу паўсталі праблемы...»

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках