25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дашкевіча могуць перавесці ў турму строгага рэжыму

20
Дашкевіча могуць перавесці ў турму строгага рэжыму

Рашэнне аб гэтым будзе разглядаць Мазырскі суд на выязным пасяджэнні 30 кастрычніка.

Пра гэта сайту charter97.org распавяла нявеста лідэра «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча Наста Палажанка. «Сёння ў Зміцера быў адвакат. Яму стала вядома, што ў аўторак у ВК-20 будзе выязное пасяджэнне Мазырскага суда. На ім будзе вырашацца пытанне аб пераводзе Дашкевіча ў крытую турму строгага рэжыму. Гэта звязана з тым, што Зміцера прызналі «злосным парушальнікам».

Па словах Насты Палажанка, узмацненне рэжыму не зломіць палітвязня. «Безумоўна, гэта ўзмацненне рэжыму. Але я не думаю, што гэта моцна на яго паўплывае. Зміцер пастаянна знаходзіцца ў жорсткіх умовах - у СІЗА, у ПКТ. Так што для яго гэта не вялікія перамены. Хутчэй за ўсё, калі яго перавядуць, то ў турму ў Гродне або ў Жодзіна. Жодзінская турма вядомая дрэнным утрыманнем асуджаных. А пра гродзенскую я нічога сказаць не магу, толькі тое, што там ужо сядзіць Мікалай Аўтуховіч».

«Зміцер пастаянна піша лісты. У яго бадзёры дух, добры настрой. У апошнім лісце ён напісаў, што ў турэмнай бібліятэцы яму выдалі новыя кнігі - Антона Чэхава. Піша, што ў турме чамусьці Чэхаў вельмі папулярны - ёсць практычна ўсе яго творы. Зміцер перачытаў «Палату № 6» і напісаў, што гады ідуць - а сітуацыя ўсё такая ж».

Нагадаем, старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч у 2011 годзе быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі па артыкуле аб хуліганстве. Нібыта за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года разам з маладафронтаўцам Эдуардам Лобавым ён збіў на вуліцы выпадковых мінакоў. Дашкевіч у судзе віны не прызнаў і назваў інцыдэнт правакацыяй спецслужбаў.

Пасля года адбыцця пакарання ў калоніі ў Горках Зміцера Дашкевіча нібыта як злоснага парушальніка рэжыму перавялі ў Глыбоцкую калонію, дзе праз некалькі месяцаў судзілі зноў і прысудзілі яго яшчэ да аднаго году зняволення.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках