25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў даў інтэрв'ю агенцтву «Рэйтэр»

40
Андрэй Саннікаў даў інтэрв'ю агенцтву «Рэйтэр»

Былога кандыдата ў прэзідэнты, які атрымаў палітычны прытулак у Велікабрытаніі, турбуе бяспека яго сям'і.

Андрэй Саннікаў лічыць, што самадзяржаўнае праўленне Аляксандра Лукашэнкі ў выніку можа абрынуцца, сказаў ён у чацвер аднаму з найбуйнейшых у свеце інфармацыйных агенцтваў «Рэйтэр».

Былы намеснік міністра замежных спраў, 58-гадовы Андрэй Саннікаў, прыехаў у Англію ў жніўні, неўзабаве пасля вызвалення з турмы, адміністрацыя якой, па яго словах, спрабавала схіліць яго да самагубства.

У сваім першым інтэрв'ю пасля прыезду ў Велікабрытанію стрыманы барадаты Саннікаў сказаў, што яго жонка Ірына Халіп не змагла пакінуць Менск і прыехаць да яго ў Велікабрытанію з-за абмежаванняў, накладзеных на яе ўладамі.

«Самае галоўнае для мяне цяпер - мая сям'я і яе бяспека», - дадаў Саннікаў, кажучы, што ён прыняў рашэнне з'ехаць, таму што для яго было немагчыма заставацца ў краіне далей.

Саннікаў прыняў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, выступіўшы супраць беларускага кіраўніка. Заходнія назіральнікі заявілі аб іх фальсіфікацыі. Пасля выбараў Саннікаў быў прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць перавыбрання Лукашэнкі.

Яго жонка за ўдзел у пратэстах атрымала тэрмін з адтэрміноўкай, ёй забаронены выезд з Беларусі.

«Яна павінна знаходзіцца дома кожны дзень, міліцыя сочыць за ёй. Часам яны свядома прыходзяць ноччу, нягледзячы на тое, што ў хаце маленькае дзіця».

Лукашэнка кіруе Беларуссю з 1994 года, нетрывальна ставячыся да іншадумства і падтрымліваючы сацыяльную мадэль дзяржавы шмат у чым дзякуючы расейскай эканамічнай дапамогі.

Падаўленне ім апазіцыйнага руху пасля выбараў 2010 года прымусіла Еўрапейскі Звяз увесці забарону на паездкі і замарожванне актываў у адносінах да яго і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў і бізнесменаў.

«Гэта не функцыянальная сістэма, - кажа Саннікаў. - На дадзены момант (дзяржаўныя) рэсурсы накіраваныя на прыгнечанне ўсіх форм пратэсту. Усё, што за гэтыя гады даказалі ўлады, гэта тое, што яны не здольныя на рэформы».

На пытанне, ці можа Беларусь аднойчы стаць сведкай рэвалюцыйных перамен, падобных на тыя, якія ахапілі арабскі свет з пачатку 2011 года, Саннікаў сказаў «Тэарэтычна ўсё магчыма».

Ён дадаў, што быў гатовы ўзяць на сябе адказнасць і весці сваю краіну да збліжэння з Еўропай, але Лукашэнка прыклаў усе сілы, каб утрымаць уладу.

«Я хачу вярнуцца дадому як мага хутчэй. Калі я буду карысны для новай краіны, то, вядома, буду разглядаць магчымасці ўдзелу ў яе жыцці», - заявіў Саннікаў.

«Але яшчэ занадта рана казаць нешта ... Гэтая сітуацыя не з'яўляецца нармальнай для мяне, гэта дзікая сітуацыя. Вядома, я хачу вярнуцца ў сваю краіну, у вольную краіну».

Сістэма Лукашэнкі залежыць ад фінансавай падтрымкі Расеі, былой савецкай метраполіі, якая забяспечвае Беларусь таннай энергіяй і іншымі льготамі і да гэтага часу праяўляе мала знакаў незадаволенасці на ўзроўні народных мас.

«Гульня застаецца ранейшай, - сказаў Саннікаў. - Лукашэнка мае патрэбу ў грошах. Ён хоча захаваць уладу і, каб захаваць уладу, ён мае патрэбу ў архаічнай эканамічнай мадэлі».

«Яго агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да Захаду дапамагаюць яму забяспечыць атрыманне расейскіх грошай, і ў яго гэта атрымліваецца. Калі Расея ўзмацняе эканамічны націск, ён змякчае сваю рыторыку ў дачыненні да Захаду. Гэтая гульня стала вельмі цынічнай».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках