25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Масква незадаволеная парушэннем дамоўленасцяў

11
Леанід Злотнікаў: Масква незадаволеная парушэннем дамоўленасцяў

Масква зменшыла пастаўкі нафты праз невыкананне афіцыйным Менскам сваіх абавязанняў, мяркуе эканаміст.

«Наступствы зніжэння паставак расійскай нафты — гэта змяншэнне прыбыткаў ад экспарту нафтапрадуктаў і павелічэнне адмоўнага сальда гандлёвага балансу. Сальда ўжо стала адмоўным і ў апошнія месяцы будзе павялічвацца», - распавёў сайту charter97.org вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў.

Са слоў эксперта, Масква незадаволеная тым, што Беларусь парушае дамоўленасці:

«Расейцы сталі да нас ставіцца больш жорстка пасля таго, як мы не выканалі план паставак нафтапрадуктаў у Расею. Калі мы падпісвалі дамову аб пастаўках расейскай нафты, было абумоўлена, што частка прадуктаў, якія вырабляюцца з гэтай нафты, адправіцца назад у Расею. Там цяпер дэфіцыт нафтапрадуктаў каля мільёна, і ім яны вельмі патрэбныя. Беларусы гэту ўмову не выканалі, замест гэтага яны больш нафтапрадуктаў адправілі на экспарт.

Акрамя таго, яшчэ была ўсім вядомая гісторыя з распушчальнікамі. І, мабыць, пазіцыя Расеі стала больш жорсткай. Бо калі пачалася размова пра тое, каб у апошнім квартале паставіць у Расею больш нафтапрадуктаў, беларусы пачалі казаць, што гэта не выгадна нашым заводам. Так што тут адбілася раздражненне Расеі ад таго, што Беларусь не выконвае дамоўленасці ў гэтай сферы, таму і пастанавілі скараціць пастаўкі на некалькі мільёнаў тон. Мабыць, самі будуць неяк перапрацоўваць нафту».

Пры гэтым эканаміст адзначае, што пастаўляць нафтапрадукты ў Расею сапраўды не так выгадна, як у Еўропу:

«Нашы заводы маюць глыбіню перапрацоўку нафты меншую за заводы на Захадзе. Калі ў Нямеччыне выхад светлых нафтапрадуктаў 90% і больш, то ў двух беларускіх НПЗ каля 70%. Там вышэйшая эфектыўнасць працы прадпрыемства. Яны могуць прадаваць нафтапрадукты на сусветным рынку сусветным коштам і мець прыбытак. А нашы прадпрыемствы, калі яны будуць пастаўляць у Расею нафту без экспартнай мыты, прыбытак мець не будуць. Так што сапраўды тут ніжэйшая эфектыўнасць НПЗ, і гэта таксама стварае нявыгадныя ўмовы для Беларусі, калі адпраўляць нафтапрадукты не на Захад з экспартнай мытай і больш высокім коштам, а ў Расею, дзе кошт меншы».

Нагадаем, сёння стала вядома, што беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам, якая вядзе з расейскай стараной перамовы пра нафтавы баланс на 2013 год, не здолела дамовіцца пра імпарт на наступны год 23 млн тон нафты. Расея ў 2013 годзе паставіць у Беларусь не больш за 18 млн тон нафты.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках