25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанна Літвіна: Па Пачобуту няма палітычнага рашэння

1
Жанна Літвіна: Па Пачобуту няма палітычнага рашэння

Таму следства ў дачыненні да журналіста і падаўжаюць, лічыць старшыня БАЖ.

«Тое, што сёння працягнуты тэрмін следства справы ў дачыненні да Анджэя Пачобута можна растлумачыць толькі адным - няма палітычнага рашэння. Сама гэтая справа атрымала шырокую міжнародную агалоску, таму можна казаць аб тым, што ўлады не вельмі хочуць абвастраць сітуацыю і прыцягваць увагу да праблемы праў чалавека ў нашай краіне ў той момант, калі ідуць вельмі далікатныя спробы дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі», - сказала ў інтэрв'ю сайту charter97.org старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Жанна Літвіна.

Па словах старшыні БАЖ, Анджэя Пачобута адмыслова трымаюць у напружанні:

«Іншая справа, што следства маглі б працягнуць і на паўгода. Але яны трымаюць Анджэя ўвесь час у напружанні, пакідаюць тэрмін на працягу месяца. Значыць, рашэнне вельмі блізка, але самога палітычнага рашэння пакуль няма. І ў чарговы раз гучыць аргумент, што патрэбна дадатковая экспертыза яго тэкстаў».

Жанне Літвіной цяжка каментаваць знаходжанне пад следствам Антона Сурапіна:

«Вельмі цяжка нешта казаць ва ўмовах адсутнасці якой-небудзь інфармацыі. На жаль ў справе Антона Сурапіна па вялікім рахунку ні журналісты, ні грамадства проста не валодаюць інфармацыяй і не ведаюць, на якім узроўні знаходзіцца гэтая справа. Але пазіцыя Беларускай асацыяцыі журналістаў - неадкладнае спыненне абодвух крымінальных спраў і зняцце ўсіх абвінавачванняў у дачыненні да Анджэя Пачобута і Антона Сурапіна».

Нагадаем, сёння стала вядома, што крымінальную справу за «паклёп на Лукашэнку» ў дачыненні да карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» Анджэя Пачобута працягнулі яшчэ на месяц.

13 ліпеня 2012 быў арыштаваны Антон Сурапін, яго абвінавацілі ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Яго «віна» заключалася ў тым, што ён размясціў на сваім сайце фатаграфіі скінутых са шведскага самалёта плюшавых медзведзянятаў. Праз месяц яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Цяпер журналіст працягвае знаходзіцца пад следствам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках