25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Беларуская рулетка

17
Deutsche Welle: Беларуская рулетка

Беларускія банкі ўскруцілі стаўкі на кароткатэрміновыя дэпазіты ў беларускіх рублях з 30 адсоткаў гадавых у ліпені да 45-50% у кастрычніку.

У 2011 годзе, у самы крызіс стаўкі даходзілі да 70 адсоткаў, нагадвае Deutsche Welle. Такія ваганні выклікаюць разгубленасць у людзей недасведчаных і жаданне зарабіць у тых, хто схільны да рызыкі. Дык ці варта рызыкаваць?

Выгады

Кароткатэрміновыя дэпазіты ў банках Беларусі цяпер адназначна больш выгадныя ў беларускіх рублях. Ваганне курсу застаецца нікчэмна малым ужо шмат месяцаў запар. Але «хто не гатовы рызыкаваць, таму няма чаго рабіць на фінансавым рынку ў кожнай краіне», адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

У Беларусі не першы раз складаецца сітуацыя, пры якой цалкам рэальна зарабіць да пяці адсоткаў у месяц ад сумы рублёвага дэпазіту, канстатуе аналітык. З ягоных слоў, «у гэтыя гульні ўжо гуляюць і прафесары». Паводле падлікаў эксперта, на суме ў рублях, эквівалентнай 20 тысячам еўра, на працягу гэтага года можна было зарабляць 1200 еўра штомесяц.

Рызыкі

На пытанне, ці дарэчы параўноўваць гульню на дэпазітах у рублях з рулеткай, эксперты адказваюць па-рознаму. Супрацоўніку Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрыю Круку параўнанне ўяўляецца больш-менш дарэчным «праз недасканаласці манетарнай палітыкі і на фоне атрыманых у спадчыну праблем валютнага крызісу 2011 года». Інфляцыя тады перасягала 100%, а дэвальвацыя беларускага рубля склала 70%.

Але эксперты прагназуюць, што ў пачатку будучага года сітуацыя на фінансавым рынку, мусіць, зменіцца. Бо да таго часу паміж Менскам і Масквой могуць быць дасягнутыя дамоўленасці аб шэрагу спрэчных на сёння пазіцыяй і прынятыя правілы гульні, якія трэба будзе ўзгадніць Беларусі, Расіі і Казахстану у рамках адзінай мытнай прасторы.

«Партфельную тэорыю» ніхто не касаваў

Ніводзін паважны аналітык не возьмецца прагназаваць сітуацыю на рынку дэпазітаў у Беларусі больш, чым на некалькі месяцаў наперад, запэўнівае Леанід Заіка. Эксперт у эканоміцы Ліберальнага клуба Антон Балтачка ўпэўнены, што дэпазіты ў рублях будуць прывабныя як мінімум яшчэ паўгода. Ён мяркуе, што сёння рацыянальна захоўваць 60 % ашчадку на рублёвым дэпазіце, а 40 % - на валютным, аднак праз месяц прапорцыі варта памяняць.

«Партфельную тэорыю» ніхто не касаваў, згаджаецца Дзмітрый Крук. На ягоную думку, кожны павінен узважыць дапушчальную для сябе рызыку: калі яна непрымальная альбо прымальная ў вельмі абмежаванай ступені, тады лепш пераарыентавацца на дэпазіт у замежнай валюце. Калі ж рызыка прымальная, варта падумаць аб павышэнні дзелі дэпазітаў у беларускіх рублях.

Эксперты раяць укладчыкам уважліва сачыць за статыстыкай Нацбанка, зменамі стаўкі рэфінансавання і «нядобрымі сігналамі», напрыклад, абмежаваннямі аперацый у замежнай валюце для фізічных асоб або намерамі ўрада друкаваць грошы. Да апошніх захадаў кіраўніцтва Беларусі пакуль не гатовае, мяркуюць аналітыкі

Чаму адрозніваюцца стаўкі ў рублях і валюце?

Стаўкі на кароткатэрміновых дэпазітах у рублях (да 50%) і ў валюце (каля 3%) значна адрозніваюцца праз інфляцыйныя чаканні, тлумачыць Дзмітрый Крук. Патрэбную суму дэпазітаў банкі могуць прывабіць, прапаноўваючы ўкладчыку абараніць ягоны ашчадак. Высокі ўзровень ставак дэманструе, што чаканні інфляцыі і дэвальвацыі высокія.

Зніжэнне ставак на валютных дэпазітах - таксама наступства інфляцыйных чаканняў ад нацыянальнай валюты і стымул для ўкладання насельніцтвам сродкаў у рублёвыя дэпазіты. Але, акрамя таго, адсотак на валютных дэпазітах шмат у чым прывязаны да ставак у краінах-эмітэнтах, адзначаюць эксперты.

Антон Балтачка тлумачыць высокія адсоткі на дэпазітах у рублях скачком дэфіцыту ліквідных актываў у банкавай сістэме, які адбыўся ў канцы кастрычніка. Беларускіх рублёў не ставала для бягучых аперацый, выдачы крэдытаў і фінансавання дзяржпраграм.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках