25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестары асцерагаюцца еўрааблігацый Беларусі

10
Інвестары асцерагаюцца еўрааблігацый Беларусі

Каціроўкі беларускіх еўрабондаў, размешчаных на Люксембургскай фондавай біржы, на таргах 28 лістапада павысіліся ў параўнанні з папярэдняй гандлёвай сесіяй.

Пяцігадовыя еўрааблігацыі з тэрмінам сплаты ў 2015 годзе зноў былі вышэйшыя за намінал і каціраваліся па 100,59% ад намінальнай вартасці, што на 0,19 працэнтных пункта вышэй за ўзровень сесіі 27 лістапада. Пры гэтым прыбытковасць іх склала 8,49%, што на 0,09 пункты ніжэй за папярэдні паказчык. Стаўка купона аблігацый складае 8,75%, паведамляе агенцтва «Бізнес-навіны».

Сямігадовыя еўрабонды са сплатай у 2018 годзе на сесіі 28 лістапада прадаваліся ніжэй за намінал - 99,4% супраць 99,25% днём раней. Іхная прыбытковасць знізілася з 9,14% гадавых да 9,1% пры стаўцы купона 8,95%.

Падчас таргоў 28 лістапада на Маскоўскай біржы аблігацыі Міністэрства фінансаў Беларусі са сплатай 23 сьнежня 2012 г. прадаваліся за 99,9% ад наміналу. Прыбытковасць склала 9,76% пры стаўцы першага купона першай серыі 8,7%.

Адзначым, што 30 лістапада заканчваецца non-deal road show трэцяга выпуску беларускіх еўрабондаў, якія плануецца размясціць на рынках Паўднёва-Усходняй Азіі - у Ганконгу ці Сінгапуры. Арганізатарамі размяшчэння выступаюць ВТБ Капітал (Вялікабрытанія) і ЗАТ «Сбербанк КИБ» (Расейская Федэрацыя).

Раней міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заяўляў, што Беларусь мае намер пазычыць на адкрытым рынку каля USD 500-600 млн.

У інтэрв'ю агенцтву Reuters, апублікаваным 28 лістапада, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова назвала жаданую стаўку прыбытковасці.

«Дарагія грошы мы браць не будзем. У нас у 2013 годзе ёсць праблемы ў тым, што трэба вялікія сумы сплачваць. Таму калі road show будзе дадатным, то мы будзем выпускаць аблігацыі», - сказала Ермакова, дадаўшы, што разглядаецца максімальны ліміт стаўкі прыбытковасці пры размяшчэнні аблігацый - 7,5% гадавых. Менавіта пад такую стаўку Міністэрства фінансаў прыцягвае ў гэтым годзе пазыковыя валютныя рэсурсы на ўнутраным рынку.

«Калі вы размяшчае новую запазычанасць, вы заўсёды павінны быць трохі шчадрэйшыя, каб інвестар купіў вашу запазычанасць», - адзначыў начальнік аналітычнага аддзела КК «КапиталЪ» (Расея) Фёдар Навумаў.

Ён не выключыў, што стаўкі пры размяшчэнні ў Сінгапуры ці Ганконгу могуць быць крыху ніжэйшыя, чым тыя, на якіх размяшчаліся аблігацыі на Люксембургскай біржы, аднак Навумаў сумняецца, што «новыя выпускі можна размясціць на прынцыпова новых умовах».

Аналітык адзначыў, што цяпер рынак «даволі прыязны». Пра гэта сведчыць і ўдалае размяшчэнне ў лістапада 2012 года еўрааблігацый Украіны сумай USD 1,25 млрд. пад 7,8% гадавых.

Нягледзячы на пазітыўныя сігналы рынку, сказаў Навумаў, інвестары ўсё адно адчуваюць рызыку, працуючы з аблігацыямі Беларусі і Украіны.

«Усе разумеюць, што ёсць Расея, якая нясе адказнасць за эмітэнтаў аблігацый, і калі што, яна дапаможа. І быццам не было ў апошні час прэцэдэнтаў, каб не плацілі паводле суверэннай завінавачанасці. І быццам МВФ ёсць, які, калі што, можа дапамагчы . Але ўсё адно ёсць агульнае ўражанне, калі я, будучы амерыканскім або азіяцкім інвестарам, атрымаю дэфолт у гэтым бондзе, то мне адразу скажуць: «Ты што такое купляў?», - сказаў Навумаў.

Ён адзначыў, што інвестары асабліва асцерагаюцца ўскладнення стасункаў Беларусі і Расеі, пры якіх Расея прыпыніць падтрымку Беларусі.

Навумаў таксама адзначыў, што не зусім разумее, «навошта трэба хадзіць па даляры ў Азію, калі можна сцягацца па рублі ў Расею».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках