25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: У Беларусі хутка адбудуцца перамены

157

19 снежня спаўняецца два гады Плошчы.

«Радыё Свабода» задае тры пытанні кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 года: пра ўрокі мінулай кампаніі і выбары-2015. Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў адказаў на пытанні радыё.

- Якія для вас галоўныя ўрокі выбараў 2010 года?

- Я бы адзначыў два ўрокі гэтай кампаніі. Першы, калі можна так сказаць, — гэта эмацыйны. Гэта тое, што я адчуў велізарную падтрымку людзей, якія прагнуць пераменаў у краіне, прагнуць свабоды. Гэта было бачна падчас збору подпісаў, гэта было бачна падчас сустрэч з людзьмі па ўсей Беларусі, гэта было вельмі бачна на Плошчы 19 снежня 2010 года, дзе людзі адчулі свабоду і ядналіся ў свабодзе. Другі ўрок — гэта палітычны ўрок. Гэта тое, што было зразумела 19 снежня і бачна сення, што павінен быў адбыцца другі тур. У гэты тур выходзіў я, але ж гэта быў поспех і вынік працы ўсіх незалежных кандыдатаў і іх каманд. І менавіта гэта выклікала тую істэрыку, якая цягнецца і дагэтуль з боку ўладаў.  

- Ці збіраецеся вы балатавацца на выбарах у 2015 годзе?

- Пра якія выбары можна казаць? Канчатковая кропка ў выбарах у Беларусі была пастаўленая ў 2010 годзе. Няма такого інстытуту ў нашай краіне пры дыктатуры Лукашэнкі, і народ гэта зразумеў. Таму ён не пайшоў і не ўдзельнічаў у гэтым выбарчым фарсе, так званых парламенцкіх выбарах, у верасні гэтага года. А тое, што зараз спрабуюць навязваць гэтую дату, гэты год — 2015-ты, то гэта робіць менавіта рэжым, каб адцягнуць увагу ад сенняшніх праблем, быццам бы няма больш важных праблем у палітычным жыцці Беларусі. Яны існуюць і звязаныя менавіта з існаваннем дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. Знікаюць апошнія правы і свабоды чалавека, паляцца вёскі, вяртаецца прыгоннае права ў Беларусь. Вось гэта сенняшнія праблемы, а не 2015-ты год. І рэжым, які пануе ў Беларусі, ён небяспечны для свайго народа.

- Якія парады вы далі б кандыдату ад апазіцыі на выбарах 2015 года?

- Я хацеў бы сказаць лідарам апазіцыі і ўсім грамадзянам Беларусі, што нам трэба захаваць тое, што мы адчулі 19 снежня 2010 года падчас Плошчы. Дарэчы, гэта была самая моцная акцыя супраціву ў Беларусі за апошнія гады. Я ганаруся тым, што я быў на Плошчы, я ганаруся тым, што быў разам з вамі, я хацеў бы падзякваць усім людзям, якія падтрымлівалі нас, якія таксама былі на Плошчы. Тое, што адбывалася потым, калі я быў за кратамі, гэта таксама зброя супраціву — гэта салідарнасць. І менавіта гэта сення патрэбна, каб выратаваць, вызваліць палітвязняў. Мы павінныя дапамагаць сем'ям палітвязняў. І менавіта праз салідарнасць, я ўпэўнены, што ў Беларусі хутка адбудуцца перамены. Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 157

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках