24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абама падпісаў «Акт Магніцкага»

85
Абама падпісаў «Акт Магніцкага»

Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які ўводзіць санкцыі ў дачыненні да расейцаў, што маюць дачыненне да смерці ў следчым ізалятары юрыста Сяргея Магніцкага.

У дачыненні да такіх расейцаў будуць дзейнічаць візавыя абмежаванні на ўезд у ЗША, а таксама санкцыі ў дачыненні да іхных фінансавых актываў у банках ЗША, піша ВВС.

Гэты закон выклікаў надзвычай негатыўныя каментары з расійскага боку: пасля абмеркавання ў кангрэсе ЗША МЗС Расіі назваў сітуацыю з законапраектам «спектаклем у тэатры абсурду», а пасля падпісання дакумента Абамам міністэрства адгукнулася заявай, у якой казала аб «адыёзным законе».

На думку расейскага МЗС, прэзідэнт Абама не здолеў абараніць сваю канструктыўную пазіцыю ў стасунках з Масквой «перад тымі, хто глядзіць у мінуўшчыну і бачыць у нашай краіне не супольніка, а спаборніка - цалкам у адпаведнасці з канонамі «халоднай вайны».

Дума, большасць у якой належыць кіраўнічай «Адзінай Расеі», у найкарацейшыя тэрміны падрыхтавала свой адказ на «закон Магніцкага».

У пятніцу расейскія парламентарыі ў першым чытанні прынялі законапраект, накіраваны супраць замежных грамадзян, якія парушаюць правы расейцаў. Такім грамадзянам, спіс якіх будзе складзены асобна і пазней, закрыюць уезд у Расею, забароняць мець нерухомасць у Расеі, а таксама замарозяць іхныя актывы ў расейскіх банках.

Еўропа прыме «закон Магніцкага»?

Абама падпісаў законапраект праз дзень пасля таго, як расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін упершыню пракаментаваў закон, выказаўшыся за тое, каб падрыхтаваць расейскі адказ на «закон Магніцкага» - «адэкватны, але не надмерны».

«Яшчэ следства [у справе Магніцкага] не скончылася, яшчэ незразумела, хто там вінаваты, хто не, якая там сітуацыя. Гэта [«закон Магніцкага»] спрэс палітычны непрыязны акт», - заявіў Пуцін.

Юрыст фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі памёр у следчым ізалятары ў Маскве пасля года ўтрымання за кратамі ў варунках, якія праваабаронцы назвалі «катавальнымі».

У канцы кастрычніка Еўрапарламент прыняў ужо трэцюю рэзалюцыю, у якой заклікаў выканаўчыя ўладу Еўразвязу і краін ЕЗ таксама ўвесці санкцыі супраць асоб з «спісу Магніцкага».

Парламенты Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Швецыі і Польшчы таксама прынялі рэзалюцыі, якія патрабуюць ад сваіх урадаў увесці санкцыі ў дачыненні да Расеі ў сувязі са справай Магніцкага, а парламенты Партугаліі, Францыі, Іспаніі і Латвіі пачалі працу над аналагічнымі дакументамі.

Паводле афіцыйна не спраўджаных звестак, непублічную забарону або прынамсі абмежаванні на ўезд чыноўнікаў з «спісу Магніцкага» ўвяла Вялікабрытанія, якая ўваходзіць у ЕЗ.

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках