25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International: Два гады катаванняў над палітвязнямі

8
Amnesty International: Два гады катаванняў над палітвязнямі

Праваабарончая арганізацыя зрабіла заяву ў сувязі з другой гадавінай Плошчы.

Amnesty International нагадала аб тым, што 19 снежня 2010 года беларусы сабраліся на галоўнай плошчы Менска з патрабаваннем правядзення другога тура выбараў. Дэманстрацыя была жорстка разагнаная АМАПам, шмат каго з яе ўдзельнікаў жорстка збілі.

Больш за 700 чалавек былі затрыманыя, нагадваюць праваабаронцы ў заяве, размешчанай на сайце арганізацыі (пераклад - charter97.org).

Шэсць з сямі апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, вядомыя журналісты і актывісты былі абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах, у тым ліку - у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «грубым парушэнні грамадскага парадку». Многія з іх былі асуджаныя да турэмнага зняволення.

Прайшло два гады, але шэсць чалавек па-ранейшаму застаюцца ў турмах і працоўных калоніях, яшчэ некаторыя - пад умоўнымі тэрмінамі, шмат хто быў вымушаны пакінуць краіну.

Тыя, хто знаходзіўся ў зняволенні, паведамлялі аб умовах, якія можна прыраўняць да катаванняў, і пра жорсткі зварот.

Андрэй Саннікаў, які балатаваўся ў прэзідэнты ў якасці кандыдата ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», распавёў пра ціск, якому ён падвяргаўся падчас яго ўтрымання пад вартай.

Ён утрымліваўся ў адзіночнай камеры, усе яго дзеянні на працягу 24 гадзін запісваліся на відэа. Некалькі разоў яго без цёплай вопраткі кідалі ў карцэр, дзе ў адным выпадку тэмпература ніколі не падымалася вышэй за 8 градусаў.

Акрамя таго, Андрэй Саннікаў распавёў, як ахоўнікі спрабавалі ізаляваць яго ад іншых зняволеных: «Яны ствараюць вакуум вакол вас, прымушаюць адчуваць віну за тое, што караюць людзей, якія размаўляюць з вамі».

Яшчэ адной формай псіхалагічнага ціску на зняволеных з'яўляюцца частыя пераводы з адной установы ў іншую. Вязні на працягу доўгага часу знаходзяцца ў чыгуначных вагонах і камерах часовага ўтрымання і могуць падвяргацца пагрозам і запалохванню з боку іншых зняволеных.

Зміцер Бандарэнка правёў 16 месяцаў у папярэднім зняволенні і ў калоніях, перш чым яго вызвалілі ў красавіку гэтага года. Ён быў асуджаны за тое, што знаходзіўся на праезнай частцы вуліцы падчас дэманстрацыі. Ён таксама выплаціў 40 даляраў штрафу за парушэнне руху транспарту падчас дэманстрацыі.

Ён апісаў рэжым зняволення, як пастаянныя пагрозы: «Увесь час былі пагрозы згвалтавання, пастаянная напружанасць... Я быў унутрана гатовы да смерці».

Зміцер Дашкевіч, лідэр «Маладога фронту», быў прысуджаны да двух гадоў зняволення 24 сакавіка 2011 года і падвяргаўся пераводам, з-за якіх доўгі час ні яго сям'я, ні адвакаты не маглі атрымаць інфармацыю аб яго месцазнаходжанні.

Некаторыя апазіцыйныя актывісты працягваюць адбываць умоўнае пакаранне за ўдзел у акцыі 19 снежня 2010 года.

Аляксандр Фядута, паэт і філолаг, працаваў у камандзе экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за «дзеянні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Мікалай Статкевіч, які быў кандыдатам у прэзідэнты, асуджаны да 6 гадоў прымусовых работ па абвінавачванні ў «арганізацыя масавых беспарадкаў», ён да гэтага часу застаецца ў турме. У студзені 2012 года ён быў пераведзены з папраўчай калоніі № 17 у Шклове ў турму строгага рэжыму ў Магілёве.

Amnesty International па-ранейшаму заклікае да безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Эдуарда Лобава, Зміцера Дашкевіча, якія ўсё яшчэ адбываюць турэмнае зняволенне ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года.

Арганізацыя таксама заклікае Беларусь унесці змены ў Крымінальны кодэкс і ўключыць у яго злачынствы ў выглядзе катаванняў, а таксама правесці незалежны маніторынг месцаў пазбаўлення волі.

Арганізацыя таксама заклікае зняць усе абмежаванні ў дачыненні да тых, хто асуджаны за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркавання і свабоду сходаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках