25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якаўлеўскі: Літву чакаюць складаныя часы ў адносінах з непрадказальным суседам

4
Якаўлеўскі: Літву чакаюць складаныя часы ў адносінах з непрадказальным суседам

Мінула роўна два гады з таго моманту, як Лукашэнка падоўжыў свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы, брутальна разагнаўшы 19 снежня ў Менску мірныя дэманстрацыі.

У краіне да гэтага часу за кратамі застаюцца палітычныя зняволеныя, вызвалення якіх патрабуюць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і краіны Захаду. У той жа час, нядаўна Лукашэнка заявіў, што ніякіх палітвязняў у краіне няма.

У дадзены момант некаторых былых кандыдатаў у прэзідэнты прымусілі выехаць за мяжу, апазіцыя ўнутры краіны - нейтралізаваная. За мінулы час Беларусь падвергнулася візавым санкцыям у дачыненні да чыноўнікаў, ідуць пастаянныя гутаркі з нагоды санкцый эканамічных. Што можна сказаць аб сітуацыі ў Беларусі праз два гады пасля падзей на Плошчы, як іх называюць самі апазіцыянеры? За каментаром ru.delfi.lt звярнуўся да палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага.

- Два гады таму ў Менску адбыліся вядомыя падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Што змянілася з таго часу?

- З таго часу ўзмацнілася знешнепалітычная самаізаляцыя кіруючага рэжыму. У спісе персон нон грата ў ЗША і ЕЗ апынуўся нават міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які ўзначальваў 19 снежня 2010 года прэзідэнцкую адміністрацыю.

- Апазіцыя нейтралізаваная, частка лідэраў знаходзіцца за мяжой, ці ёсць у Беларусі сілы, здольныя на якія-небудзь дзеянні?

- Апазіцыя аказалася не проста нейтралізаванай, а груба разбітай. Да гэтага часу захоўваюцца рэпрэсіі і палітвязні. Але снежаньскія падзеі двухгадовай даўнасці выклікалі закісанне ў наменклатуры і рост пратэстных настрояў сярод грамадзян. Сёння яны ў асноўным носяць латэнтны характар, а заўтра - хто ведае? Відавочна адно - гэтыя працэсы спрыяюць узнікненню салідарных дзеянняў розных слаёў насельніцтва.

- Як можна расцэньваць пазіцыю краін Захаду?

- Пазіцыя Захаду стала больш жорсткай у дачыненні да афіцыйнага Менска. Існуе верагоднасць пашырэння ўжо прынятых візавых, кропкавых эканамічных і іншых санкцый да кіруючага рэжыму і персанальна да яго дзеячаў. Аднак, з-за падтрымкі Масквы, у першую чаргу фінансавай, санкцыйная палітыка Захаду шмат у чым была неэфектыўнай.

Але, магчыма, з-за ускладненняў адносінаў Масквы з Берлінам, Вашынгтонам і некаторымі іншымі краінамі заходняй супольнасці, падтрымка Крамлём рэжыму Лукашэнкі не столькі аслабне, але перайначыцца. Пуцін за Лукашэнку не стане «цягаць каштаны», канфліктуючы з заходнімі партнёрамі.

- Што можна сказаць пра палітыку Літвы ў адносінах да Беларусі за час з 19 снежня 2010 года?

- Палітыка Літвы ўвесь гэты час была ў рэчышчы агульнай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Лукашэнкі. Хоць літоўскі прэзідэнт і не падтрымлівала палітыку санкцый, працягваючы, мабыць, лічыць, што санкцыі толькі вымусяць Лукашэнку цалкам сысці «ў абдымкі» Масквы. Але такая пазіцыя Вільні не дазволіла пазбегнуць абвінавачванняў у свой адрас тыпу «жлобскай палітыкі», якую, як лічыць Лукашэнка, Літва праводзіць у дачыненні да яго. Мяркую, што суседнюю Літву чакаюць нялёгкія часы ўзаемаадносін са сваім гістарычным і непрадказальным суседам.

Мяркую, што нядаўняя закрытая ад СМІ сустрэча розных экспертаў па Беларусі, арганізаваная ў МЗС Літвы, неўзабаве павінна выклікаць чарговую рэакцыю афіцыйнага Менска.

Відавочна, рэакцыя не будзе добразычлівай.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках