24 лiстапада 2024, Нядзеля, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждума забараніла грамадзянам ЗША ўсынаўляць расейскіх дзяцей

111
Дзярждума забараніла грамадзянам ЗША ўсынаўляць расейскіх дзяцей

Расейская Дума амаль аднагалосна падтрымала скандальную папраўку ў законапраект, якая забараняе грамадзянам ЗША ўсынаўляць дзяцей з Расеі.

Супраць прыняцця папраўкі выступілі толькі 17 дэпутатаў, 388 чальцоў палаты прагаласавалі «за», адзін устрымаўся, паведамляе ВВС.

Забарона можа ўступіць у дзеянне з 1 студзеня 2013 года, паведаміў віцэ-спікер Дзярждумы Сяргей Нявераў.

Дэпутаты таксама падтрымалі папраўку, што пашырае забарону на ўезд у Расею на грамадзян усіх краін, у якіх былі зафіксаваныя парушэнні правоў расейцаў.

Парламентарыі ўхвалілі абедзве папраўкі, разглядаючы ў другім чытанні так званы «закон Дзімы Якаўлева» - названы так некаторымі дэпутатамі ў памяць дзіцяці з Расеі, якое было ўсыноўленае і загінула ў ЗША, - гэта адказ Расеі на прыняты ў ЗША «акт Магніцкага».

За законапраект прагаласавалі 400 дэпутатаў пры патрэбных 226, супраць - чацвёра, двое ўстрымаліся.

Сярод іншых прадугледжаных ім забарон - забарона на дзейнасць у Расеі фінансаваных з ЗША некамерцыйных арганізацый, якія займаюцца палітыкай, і НКА, чыя дзейнасць нясе пагрозу расейскім інтарэсам.

Трэцяе чытанне законапраекта прызначанае на пятніцу.

«Я мяркую, што закон няварты і нізкі, нават нізенькі, цалкам несіметрычны [амерыканскаму]. Нам дапамагаюць змагацца з нашай карупцыяй, а мы пачынаем караць уласных дзяцей», - сказаў перад галасаваннем дэпутат ад «Справядлівай Расеі» Ілля Панамароў.

Панамароў выказаў меркаванне, што «ёсць шанц, што [папраўкі] потым адхіліць прэзідэнт».

Аднак дэпутат ад КПРФ Анатоль Локаць на пытанне BBC, ці можа Пуцін вярнуць закон на дапрацоўку, адказаў вельмі рашуча: «Калі тры чвэрці Думы і нават больш галасуе за прыняцце гэтага законапраекта, не зважаць на гэта, мне здаецца, нельга. Нават прэзідэнту Расеі».

Пры гэтым, як адзначыў Ілля Панамароў, у чарзе на ўсынаўленне ў Расеі стаяць цяпер 1,5 тысячы сірот, якія рызыкуюць не знайсці бацькоў у выніку прыняцця гэтага закона.

«За ўвесь час існавання ўсынаўлення амерыканцамі было ўсыноўлена прыкладна 60 тысяч расейскіх дзяцей. З іх загінула або падпала пад гвалт 19 чалавек, пры гэтым 16 бацькоў пакараныя доўгатэрміновым зняволеннем. У Расеі штогод каля 1700 дзяцей зазнаюць гвалт. У нас практычна штотыдзень адбываюцца самыя абуральныя выпадкі і, на жаль, злачынцы - так званыя бацькі - ухіляюцца ад пакарання», - заявіў Панамароў.

Прыняты ў ЗША «закон Магніцкага» прадугледжвае візавыя санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, меркавана датычных да загубы ў следчым ізалятары юрыста Сяргея Магніцкага, а таксама дзяржслужбоўцаў, абвінавачаных у злачынствах супраць правоў чалавека альбо ў перашкодах расследаванню такіх злачынстваў.

«У нас ёсць золатавалютныя рэзэрвы»

Пасля галасавання лідар фракцыі «Справядлівай Расеі» Сяргей Міронаў паведаміў журналістам, што ён «заўсёды выступаў супраць усынаўлення расейскіх дзяцей замежнымі грамадзянамі».

«Перакананы, што мы павінны дамагацца таго, каб расейскім сем'ям было выгодна, зручна і нават, шчыра скажам, заахвочвальна ўсынаўляць дзяцей», - дадаў галоўны «справядліварос».

А дэпутат Аляксей Мітрафанаў, што падтрымаў папраўку аб усынаўленні, сказаў у інтэрв'ю, што «краіна вольная вызначаць, паедуць ейныя грамадзяне ў іншую краіну, якая непрыязна паводзіцца, ці не".

Што да асцярогі таго, што прынятая Думай папраўка закране найперш расейскіх сірот, то, на думку Мітрафанава, «якая цывілізаваная краіна аддае дзяцей на ўсынаўленне? Яны дапамагалі - дзякуй. У нас не было грошай, не было бюджэту ў 90-я гады, яны сталі дапамагаць. Цяпер у нас ёсць грошы, ёсць бюджэтныя магчымасці».

«У нас ёсць золатавалютныя рэзэрвы, чаму мы павінны кагосьці аддаваць?» - заўважыў былы паплечнік Жырыноўскага.

Камуніст Анатоль Локаць выказаўся больш стрымана. «Нашы апаненты кажуць, што дзеці горш пачуваюцца ў нас у краіне, чымся там, але гэта наш боль, гэта наша віна. Мы павінны выправіць гэтую сітуацыю, мы здольныя зрабіць гэта», - сказаў ён прысутным журналістам

Пікеты і затрыманні

З раніцы цэнтральны ўваход у Дзярждуму з боку вуліцы Ахотны рад быў перацяты, і апаненты законапраекта з расцяжкамі ў руках сталі збірацца ля супрацьлеглага ўваходу ў будынак у Георгіеўскім завулку.

Камерцыйны дырэктар Алена, якая наважыла выказаць пратэст намерам парламентарыяў, перакананая ў тым, што расейскае дзяржава не можа паклапаціцца аб дзецях-сіротах і стварыць «нармальныя варункі» сем'ям, якія хочуць усынавіць іх.

«Я мяркую, што калі краіна не можа забяспечыць сваім дзецям шчаслівае дзяцінства, нармальную і паўнавартасную сям'ю, яна павінна дазволіць усынаўляць дзяцей усім, хто гэта можа зрабіць. Не маюць значэння дзяржаўныя межы, веравызнанне, рэлігія, нацыянальнасць. Мае значэнне, каб кожнае дзіця здабыла сям'ю, блізкіх людзей, якія аб ім будуць клапаціцца», - праз слёзы кажа Алена.

Знаёмец Алены, з ейных слоў, надоечы ўсынавіў у Расеі дзіця і павёз яго ў Італію.

Актывіст Аляксандр, які прыйшоў да Думы, апавядае, што быў абураны «нізасцю» дэпутатаў.

«Дагэтуль усе дрэнныя законы, якія Дзярждума прымала, закраналі мяне - рэпрэсіі, да прыкладу, штрафы за мітынгі, паклёп. Гэта была палітыка, яны не краналі дзяцей. А тут яны ўзяліся за самых безабаронных, якія ніякага дачынення да палітыкі не маюць», - упэўнены Аляксандр.

Пазней да актывістаў далучыліся расейскія апазіцыянеры Барыс Нямцоў і Ўладзімір Рыжкоў. У іхных руках былі плакаты з надпісамі «Спыніце помсціць дзецям-сіротам за забойцаў Магніцкага» і «Дзеці не вінаватыя ў вашых злачынствах».

Галоўная ўправа МУС Расеі Масквы паведаміла пра тое, што раніцай у сераду былі затрыманыя каля 30 удзельнікаў несанкцыянаваных акцый ля Дзярждумы. Акрамя акцыі супраць паправак аб усынаўленні, ля будынка ніжэйшай палаты расейскага парламента прайшла таксама акцыя супраць прыняцця закона аб забароне прапаганды гомасэксуалізму сярод непаўналетніх.

Усе затрыманыя ўдзельнікі акцый дастаўленыя ў аддзелы паліцыі для прыняцця пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.

Напісаць каментар 111

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках