25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2012 годзе

53

Сайт charter97.org абвясціў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека ўзнагароджваюцца Алесь Бяляцкі, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Міхалок, шведскія пілоты Томас Мазэцці, Пэр Кромвэл, Ганна Фрэй і Генадзь Фядыніч.

Алесь Бяляцкі

Адзін з першых актывістаў беларускага нацыянальнага Супраціву Алесь Бяляцкі - заснавальнік праваабарончага руху Беларусі. Ён адкрыта супрацьстаяў таталітарнаму рэжыму, а створаны ім цэнтр «Вясна» актыўна абараняў правы чалавека і падтрымліваў палітычных зняволеных. Ягоныя заслугі былі настолькі бясспрэчныя, што праваабаронца стаў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і яго неаднаразова вылучалі на Нобелеўскую прэмію міру. Аднак метады расправы з барацьбітамі за свабоду ў Беларусі падобныя да сталінскіх, і Алесь Бяляцкі быў прысуджаны да 4,5 гадоў зняволення. Сёння гэта праваабаронца Беларусі № 1. Праваабаронца з вялікай літары. Ягоная мужнасць захапляе і натхняе. Створаны ім цэнтр працягвае сваю дзейнасць, дапамагаючы пацярпелым ад рэпрэсій.

Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі даўно ўпісаў сваё імя ў скрыжалі гісторыі: і за руйнаванне «Імпэрыі зла», і за вывад ядзернай зброі з Беларусі. Але і сёння ён застаецца адным з самых прынцыповых палітыкаў краіны. Мы, журналісты, любім браць інтэрв'ю ў Станіслава Станіслававіча, бо ведаем: гэты чалавек заўсёды скажа праўду і не пабаіцца трапіць у спісы невыязных або распачынання крымінальнай справы.

У гэтым годзе Станіслаў Шушкевіч выдаў кнігу «Маё жыццё: крах і ўваскрашэнне СССР», у якой аналізуе гісторыю Беларусі. Палітык застаўся верны сабе і даў сумленную і цвярозую ацэнку падзеям: на постсавецкай прасторы адраджаюцца дыктатуры і гэтаму трэба даць адпор.

Сяргей Міхалок

У Сяргея Міхалка заўсёды поўныя канцэртныя залы. Ён мог спрэс бесклапотна і параўнальна выгодна існаваць у Беларусі, як і шмат якія ягоныя цэхавыя калегі. Але пасля 19 снежня 2010 года, калі пасля масавых арыштаў краіна занурылася ў бездань страху, Міхалок кінуў выклік дыктатуры. Ён публічна заявіў, што не ўважае Лукашэнку за прэзідэнта, бо мінулыя выбары былі сфальсіфікаваныя. «Ніякі ён не прэзідэнт, чалавек, які ненавідзіць свой народ і ў найлепшым выпадку заслугоўвае справядлівага суда», - сказаў музыка і грамадзянін Міхалок.

Потым быў вымушаны ад'езд за мяжу праз пагрозу крымінальнага пераследу. Але і там Міхалок застаецца голасам беларускага народа. Ягоныя песні «Не быць скотам» на вершы Янкі Купалы, «Браняносец», «Жалезны» сёння натхняюць беларусаў на барацьбу і прымушаюць успомніць аб чалавечай і нацыянальнай годнасці.

Шведскія пілоты

Рызыкуючы жыццём, супрацоўнікі шведскага рэкламнага агенцтва Studio Total Томас Мазэцці, Пэр Кромвэл і Ганна Фрэй здзейснілі палёт у астатнюю дыктатуру Еўропы, каб падтрымаць гнаных тут незалежных журналістаў.

Бясстрашнасць шведаў узрушыла свет. У кожны момант іхны маленькі лёгкаматорны самалёт мог быць збіты, і тады б шведскія энтузіясты немінуча загінулі. На шчасце, палёт прайшоў удала. Адчайныя смельчакі скінулі над Менскам ды Івянцом сотні плюшавых медзведзянят з цыдулкамі «У падтрымку свабоды слова ў Беларусі».

Лукашэнка ледзь не звар’яцеў ад лютасці. Уся ягоная расхваленая вайсковая «моц» стала аб’ектам кпінаў. Паляцелі галовы генералаў, было зачынена пасольства Швецыі ў Менску. Пра Беларусь загаварылі вядучыя тэлеканалы і газеты планеты як пра краіну, дзе пераследуюць апазіцыю і дзе дыктатар настолькі слабы, што баіцца нават плюшавых медзведзянят.

Генадзь Фядыніч

Гэты чалавек - не трыбун, але ён доўгія гады застаецца адным з нешматлікіх прафзвязных лідараў, хто рэальна змагаецца за правы працоўных. Прафзвязны рух у Беларусі планамерна знішчаўся на працягу ўсіх гадоў кіравання Лукашэнкі. Генадзь Фядыніч здолеў захаваць свой прафзвяз радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у найскладаных варунках. Нягледзячы на пагрозы, ён падтрымлівае рабочых падчас страйкаў, якія рэгулярна ўзнікаюць у краіне, актыўна ўдзельнічаў у кампаніі байкоту лукашэнкаўскіх «выбараў» у парламент. Дзверы офіса ягонага прафзвязу заўсёды адчыненыя для прадстаўнікоў усяго спектру палітычных сіл. Сёння гэта сапраўдны прафзвязны лідар.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснавана Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Баразенка, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта прыходу святога Іосіфа ў г.Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Пляшчэнка, абаронцы Курапат, творчае аб'яднанне «Пагоня», музычныя гурты «N.R.M.», «Новае неба», зачынены ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронца Яна Палякова, палітычныя вязні па «справе 19 снежня», ініцыятыва «Вызваленне» і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках