25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На нафце зарабляюць толькі памагатыя Лукашэнкі

32

У Беларусі нафта - палітычны тавар, падкрэсліў эканаміст.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што расейскія ўлады з дапамогай дамоўленасцяў аб пастаўках нафты на тры месяцы спрабуюць устанавіць кантроль над палітычным працэсам у Беларусі: «Вось мы вам дамо на першы квартал - карыстайцеся. А далей будзем глядзець: будзеце сябе дрэнна паводзіць - будзем менш нафты даваць. Гэта метад палітычнай і эканамічнай прывязкі».

Эканаміст упэўнены, што беларусам неабходна адмовіцца ад «нафтавай нарказалежнасці» і здабываць грошы інтэлектам, вытворчасцю і арыгінальнымі ідэямі, перадае тэлеканал «Белсат».

Леанід Заіка падкрэсліў, што ў Беларусі на нафце зарабляюць перш за ўсё людзі, якія «круцяцца» вакол адміністрацыі Лукашэнкі. «У Беларусі нафтай карыстаюцца як палітычным сродкам, каб трымаць людзей на павадку, даваць зарабляць ім 500 даляраў, каб яны любілі сваё кіраўніцтва», - сказаў спецыяліст.

Расейскія нафтавыя субсідыі, на думку эксперта, сілкуюць ўлады Беларусі і з'яўляюцца апорай цяперашняга палітычнага ладу. На думку эканаміста, у выпадку, калі беларусы пачнуць атрымліваць менш, з'явіцца шанец, што людзі нарэшце задумаюцца: хто імі кіруе? «Краіна нарэшце пачне жыць нармальна, а не думаць, як яшчэ дадаць грошай у кішэню нашых палітыкаў, нашага кіраўніцтва, каб усё заставалася па-ранейшаму», - падсумаваў спадар Заіка.

Нагадаем, Расея і Беларусь змаглі дамовіцца аб будучых пастаўках нафты, праўда, толькі на тры першыя месяцы будучага года. У першым квартале 2013-га Беларусь атрымае нават больш, чым прасіла - замест 4,625 млн т аж 5,025 млн т. Калі такія аб'ёмы захаваюцца на ўвесь год, то Беларусь атрымае на перапрацоўку 23 млн т. Аднак перамовы па гэтым пытанні не скончаныя.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках