26 лiстапада 2024, aўторак, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вёску Паўлавічы спалілі пасля звароту да Лукашэнкі

61

Сярод іншых магчымых прычын яе жыхары называюць продаж зямельных участкаў новаму ўласніку.

На спецыяльным брыфінгу, праведзеным пасля знішчэння вёскі Паўлавічы, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін урачыста паведаміў дзяржаўным журналістам, што ўсе жыхары вёскі яшчэ 20 гадоў таму атрымалі за свае дамы кватэры ў горадзе. А ў дадатак - кампенсацыі. Таму шум паднялі дарма.

Жыхарка спаленых Паўлавічаў Алена Каравіна распавядае «Еўрарадыё», што кватэру яе сям'я на самай справе атрымала. Але вось кампенсацыі дачакаліся ўсяго 5-6 жыхароў не самай маленькай вёскі.

«Узамен людзям давалі кватэры. Але камусьці далі кватэры, якія не адпавядалі дамам, што былі забраныя. Кампенсацыі з усёй вёскі, з гэтых 34 дамоў, атрымалі 5-6 чалавек», - кажа жанчына.

У тым далёкім 1992 годзе Паўлавічы цалкам так і не знішчылі. Грошай на будаўніцтва анансаванай ЦЭЦ не знайшлося. Ацалелі 10 дамоў, якія выкупілі ў дзяржавы... былыя жыхары. Толькі вось вярнуць участкі не ўдалося. Чыноўнікі заявілі, што дазволяць гэта зрабіць, калі людзі вернуць гораду атрыманыя кватэры.

Людзі ў Паўлавічах жылі ў неіснуючай вёсцы 20 гадоў больш ці менш спакойна - да 1 снежня 2012 года, калі даведаліся, што іх маёмасць збіраюцца спаліць. На зборы было выдзелена два дні. Іншая жыхарка Паўлавіч, Алена Голубева, распавядае, што каштоўную нерухомасць выратаваць не ўдалося:

«З дома мы вывезлі тое, што нам было трэба. А вось з гаражамі не атрымалася. У нас былі там два вялікіх цагляных гаража. Мы іх хацелі разабраць на цэглу, але нам не дазволілі гэтага зрабіць».

Але самае цікавае пытанне - чаму віцебскія ўлады вырашылі гэтак аўральна расправіцца з вёскай, да якой не мелі прэтэнзій цэлых 20 апошніх гадоў? Паводле афіцыйнай версіі, вясной тут пачне будавацца гарбарны завод. Але зусім побач з Паўлавічамі знаходзіцца малаказавод і мясакамбінат. Сумніўна, што хто-небудзь дазволіць пабудаваць тут яшчэ і шкоднае хімічнае прадпрыемства. Таму частка жыхароў лічаць, што выгаднае размяшчэнне вёскі магло зацікавіць каго-небудзь з мясцовых ці расейскіх бізнесменаў, якія захацелі тут што-небудзь пабудаваць.

Аднак найбольш верагоднай лічаць яшчэ адну версію. Алена Голубева мяркуе, што паскорылі працэс самі жыхары, калі напісалі аб сваёй праблеме ў адміністрацыю Лукашэнкі:

«Складана адказаць на гэтае пытанне. Але я думаю, што такое хуткае знішчэнне вёскі звязана з нашым зваротам у адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. Мы прасілі разабрацца з сітуацыяй, з нашым пытаннем. На гэтай зямлі 20 гадоў нічога не будавалі, і мы прасілі ўчасткі нам вылучыць для карыстання, каб усе легальна было».

Цалкам верагодна, што ў Віцебскім гарвыканкаме хтосьці даведаўся пра ліст вяскоўцаў і вырашыў сцерці Паўлавічы з карты ў прамым сэнсе слова. Няма вёскі - няма праблемы. Тым больш што ў Віцебск хутка прыедзе сам Аляксандр Лукашэнка. Раптам пра вёску спытае.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках