25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: СНД ператварылася ў садружнасць дыктатур

121
Станіслаў Шушкевіч: СНД ператварылася ў садружнасць дыктатур

8 снежня 1991 года ў Белавежскай пушчы былі падпісаныя Белавежскія пагадненні аб стварэнні СНД і спыненні існавання СССР.

Якое значэнне мела гэтая падзея?

У нядаўна выдадзенай у Расеі кнізе «Маё жыццё, крушэнне і вяртанне СССР» Станіслаў Шушкевіч адзначае, што 8 снежня было канстатавана дэ-юрэ спыненне існавання СССР, паведамляе «Радыё Свабода». Было вырашана дэнансаваць дамову 1922 года аб стварэнні СССР. Паводле Шушкевіча, тады Расея ўпершыню з 1794 года «афіцыйна прызнала незалежнасць сваёй памежнай калоніі — Беларусі». Спачатку здавалася, што складваецца іншая канфігурацыя, не звязаная з адназначным дамінаваннем Расеі сярод наноў утвораных дзяржаў. Аднак пасля завяршэння прэзідэнцтва Барыса Ельцына Расея стала вяртаць сабе ўсе старыя камандныя пазіцыі, выкарыстоўваючы падтрымку аўтарытарных правадыроў, адзначае Станіслаў Шушкевіч.

«Распад СССР як геапалітычнай рэальнасці адбыўся фактычна ў жніўні 1991 года. Але ў нас, тых, хто сабраўся ў пушчы, хапіла смеласці канстатаваць гэта юрыдычна. Мы запісалі гэта ў афіцыйным дакуменце. У пагадненні аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мы запісалі там ключавую фразу, што СССР як геапалітычная рэальнасць і суб’ект міжнароднага права перастае існаваць. Вось што мы зрабілі ў пушчы. Мы баяліся да пушчы нават каму-небудзь такое сказаць. І я з таго часу палюбіў савецкіх філосафаў, бо прапанова сфармуляваць так галоўнейшы пункт Белавескага пагаднення зыходзіла ад філосафа па адукацыі, дзяржсакратара Расейскай Федэрацыі Генадзя Бурбуліса. Гэта мы і канстатавалі», - піша першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Кажучы пра цяперашнюю сітуацыю, Станіслаў Шушкевіч адзначае, што ператварыць краіны СНД у дэмакратычная пакуль не атрымліваецца.

«На сённяшні дзень СНД ператварылася ў садружнасць дыктатур. З былых рэспублік Савецкага Саюзу надзея на тое, што даволі хутка там будзе панаваць дэмакратыя ёсць толькі ў трох суб’ектаў — Грузіі, Малдовы і пакуль яшчэ ва Ўкраіны. Бо там перадаецца ўлада ад адной асобы іншай пасля выбараў. І там народ кантралюе працэс выбараў і выбары больш-менш дэмакратычныя. А што да астатніх дзяржаў — тут панаванне дыктатараў. І Беларусь у першую чаргу. І цяпер больш лагічна лічыць, што СНД ператварылася ў садружнасць дыктатур. І гэта фактычна ў іншую абгортку закручанае тое, што было ў Савецкім Саюзе. А Савецкі Саюз быў дыктатурай. Дыктатурай партыі, дыктатурай першай асобы. Таму фактычна зверху вяртаюцца савецкія парадкі», - піша Станіслаў Шушкевіч.

Напісаць каментар 121

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках