24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

EUobserver: Як Еўропа не выконвае свае ж санкцыі

47
EUobserver: Як Еўропа не выконвае свае ж санкцыі

Санкцыі ЕЗ не такія жорсткія, якімі падаюцца.

Еўрапейскі Звяз распаўсюдзіць санкцыі на 25 сірыйскіх і 135 беларускіх чыноўнікаў і бізнесмэнаў у канцы гэтага месяца. Але падобныя забароны не такія катэгарычныя, як падаецца з першага погляду, піша брусэльскае выданне EUobserver (пераклад - charter97.org).

Калі 27 лютага міністры абвесцяць пра гэта, яны прадставяць змяшаны спіс, які складаецца са службовых асоб рэжымаў, кампаній і алігархаў, якія больш не змогуць атрымаць візы або займацца бізнесам у Еўразвязе. Іхнія фінансавыя актывы ў краінах ЕЗ будуць замарожаныя.

Забарона на выдачу віз жорстка выконваецца да таго часу, пакуль які-небудзь чыноўнік не будзе запрошаны на міжнародную сустрэчу, як, напрыклад, міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў, які адправіўся на мерапрыемства Інтэрпола ў Францыі ў студзені.

Агенцтва Reuters паведамляла на мінулым тыдні аб іранскай суднаходнай кампаніі IRISL, караблі якой заходзілі ў парты Бельгіі, Нідэрландаў і Мальты 149 раз пасля таго, як яна трапіла пад санкцыі ЕЗ у 2010 годзе.

У кіпрскім порце ў мінулым годзе спыняўся для дазапраўкі расейскі карабель, які вёз зброю ў Сірыю, а няўрадавая арганізацыя Avaaz, якая знаходзіцца ў Нью-Ёрку, распаўсюдзіла інфармацыю аб грэцкай фірме, якая купляла нафту ў Сірыі нягледзячы на ​​санкцыі ЕЗ.

Avaaz таксама паведамляе аб сірыйскім магнаце Рамі Махлуфе, які знаходзіцца ў спісах ЕЗ і пры гэтым валодае нерухомасцю і рэстаранамі ў Аўстрыі і Германіі, а Гамаль Мубарак, сын былога дыктатара Егіпта, мае раскошны дом у Лондане, які ён набыў праз панамскія кампаніі.

Кожная еўрапейская дзяржава выконвае пастановы аб санкцыях ЕЗ па-свойму.

У Вялікабрытаніі, напрыклад, казначэйства накіроўвае лісты ў банкі з загадам аб блакаванні рахункаў. Парушэнне гэтага загаду цягне за сабой крымінальны пераслед. Пры гэтым не праводзіцца ніякіх спецыяльных даследаванняў аб тым, які з банкаў з гэтага спісу насамрэч існуе і каму ён фактычна належыць. Вялікабрытанія з'яўляецца адной з нешматлікіх буйных краін, у якой дазволеныя «акцыі на прад'яўніка» - спосаб схаваць сапраўднага ўладальніка уласнасці.

У Аўстрыі, цэнтральны банк таксама рассылае запыты. Яго прэс-сакратар Крысціян Гутледэрэр заявіў EUobserver: «Калі Вы здзейснілі ўгоду з выкарыстаннем замарожанага рахунку, гэта абавязкова стане нам вядома». Па ягоных словах, банк можа звярнуцца ў паліцыю, каб атрымаць звесткі аб падазроных актывах.

Але прэс-сакратар міністэрства ўнутраных спраў, якое кантралюе паліцыю, заявіў, што гэтым павіннае займацца міністэрства фінансаў. У сваю чаргу, прэс-сакратар фінансавай паліцыі міністэрства фінансаў сказаў: «Пэўна гэта нейкая блытаніна... фінансавая паліцыя займаецца падатковымі злачынствамі і ўхіленнем ад выплаты падаткаў, а не працай з замарожанымі актывамі».

На Кіпры Цэнтральны банк таксама рассылае спецыяльныя лісты ў банкі, якія абавязаныя паказаць рэальнага ўладальніка рахунку. «Мы ніколі не сустракаліся са спробамі банкаў абыйсці санкцыі ЕЗ, і я не магу сабе ўявіць, што такое можа адбыцца», - сказаў кіпрскі фінансавы чыноўнік.

Аднак, у Кіпра дрэнная рэпутацыя фінансавай сумленнасці. Сусветны банк у сваім дакладзе ў лістападзе кажа аб 15 падазроных банкаўскіх рахунках і 11 кампаніях, якія займаліся адмываннем грошай, зарэгістраваных на гэтай невялікай выспе.

Кіпрскі чыноўнік адзначыў, што, паводле санкцый ЕЗ, у 2011 годзе было замарожана «некалькі мільёнаў еўра». «Мы не кажам аб вялікіх сумах грошай», - сказаў ён.

Між тым, сірыец Махлуф ў 2011 годзе ў кароткія тэрміны змог атрымаць кіпрскае грамадзянства. У адпаведнасці з заканадаўствам Кіпра, для гэтага замежнікі павінныя займацца справавой актыўнасцю на выспе, валодаць прыватнымі дамамі і мець не менш як 17 мільёнаў еўра ў банку Кіпра.

Актывісты беларускай апазіцыі таксама кажуць аб тым, што Аляксандр Лукашэнка і ягоныя блізкія сваякі выкарыстоўваюць зарэгістраваныя на Кіпры кампаніі для набыцця нерухомасці ў Менску, і блізкі сябар Лукашэнкі, алігарх Уладзімір Пяфціеў, даўно вядзе свой бізнэе на выспе.

У пытаннях, якія тычацца санкцый ЕЗ, адсутнічае празрыстасць. Чыноўнікі ў Аўстрыі, на Кіпры і ў Вялікабрытаніі спасылаюцца на законы аб невыдаванні прыватных дадзеных, адказваючы на ​​пытанне EUobserver аб канкрэтных выпадках замарожвання рахункаў.

Няма празрыстасці нават сярод інстытутаў ЕЗ і дзяржаў-сябраў. Краіны ЕЗ не паведамляюць Еўрапейскай камісіі або міжнародным службам аб замарожванні рахункаў. Калі адна краіна мае прэтэнзіі да іншай, якія тычацца невыканання рашэнняў аб санкцыях, яны аддаюць перавагу вырашыць іх на двухбаковай аснове.

Адной з прычын такой непразрыстасці з'яўляецца слабасць выведкі краін ЕЗ.

Спецслужбы дзяржаў-сябраў ЕЗ няблага працуюць у дачыненні да стратэгічна важных рэжымаў, такіх як Іран і Сірыя. Але санкцыі ў дачыненні да невялікіх краін, такіх як Беларусь, складаюцца ў асноўным з дадзеных апазіцыйных крыніц, таму што выведвальныя аперацыі каштуюць дорага.

Суд ЕЗ у Люксембургу ў мінулым годзе разглядаў пытанне аб адмене санкцый у дачыненні да жонкі прэзідэнта Кот-д'Івуара Ларана Гбагбо ў сувязі з недастатковай колькасцю доказаў.

Яшчэ адна прычына такіх складанасцяў - прагматызм. Напрыклад, той жа Кіпр ніколі не выказваў захаплення ў дачыненні да ўвядзення санкцый. «Краіны, якім ёсць што хаваць, ніколі не праяўляюць энтузіязм», - заявіў высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат.

Асноўнай прычынай гэтага з'яўляецца адсутнасць жадання рашучых дзеянняў у адносiнах да асоб і кампаній, якія знаходзяцца ў спісах ЕЗ.

Прэс-сакратар Цэнтральнага банка Аўстрыі Крысціян Гутледэрэр сказаў: «Мэта фінансавых санкцый - не знаходжанне нечых грошай, а забарона на любыя распараджэння з фінансавымі актывамі». Высокапастаўлены дыпламат ЕЗ заявіў: «Гэта важна для дзейнасці гэтых людзей, рашэнне ЕЗ раздражняе іх. Знойдзем мы актывы ці не так важна, як тое, што, напрыклад, сірыйскі бізнесмэн ніколі не зможа ўкласці грошы ў французскі банк.

Адсутнасць жадання рашучых дзеянняў выявілася і на мінулым тыдні, калі Swift, бельгійская кампанія, якая займаецца міжнароднымі пераводамі, паведаміла, што санкцыі ЕЗ юрыдычна не перашкодзяць працы з сірыйскімі і іранскімі банкамі, якія знаходзяцца ў «чорным спісе».

«Мы працуем з уладамі ЗША і ЕЗ, каб забяспечыць прававую базу, якая дасць магчымасць Swift вырашыць гэтыя праблемы», заявіў у інтэрв'ю EUobserver яе прадстаўнік Сайман Бэйл.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках