25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыя заклікала вызваліць палітвязняў да Дня Волі

18
Апазіцыя заклікала вызваліць палітвязняў да Дня Волі

Сёння ў Менгарвыканкам будзе пададзеная заяўка аб правядзенні вулічнай акцыі 25 сакавіка.

Яе заяўнікамі сталі старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, мастак Аляксей Марачкін і палітык Віктар Івашкевіч.

Заяўнікі просяць дазволіць шэсце 25 сакавіка з 13:30 (Акадэмія навук) да 14:30 (плошча Бангалор). У выпадку адмовы арганізатары не агучваюць свой альтэрнатыўны план, паведамляе «Наша Ніва».

Прапануецца прыцягнуць да мітынгу бардаў, мастакоў, паэтаў. Івашкевіч узгадаў маскоўскія пратэсты, якія адбываюцца крэатыўна не толькі дзякуючы арганізатарам, але і ўдзельнікам. «Хай кожны зробіць сабе свята 25 сакавіка», - адзначыў ён. «Гадавіна БНР - вельмі важная падзея. На жаль, не ўсе беларусы разумеюць значэнне гэтага дня», - сказаў старшыня аргкамітэта Уладзімір Колас. Ён адзначыў: «Мы радыя, што апазіцыйныя сілы прыйшлі ў гэтым пытанні да адзінага меркавання».

Уладзімір Колас прапанаваў правесці круглы стол па пытанні гадавіны 25 сакавіка. Да абмеркавання могуць быць запрошаныя і прадстаўнікі ўладаў. Але неабходнай умовай для гэтага называецца вызваленне палітвязняў.

«Памылкі мінулых аргкамітэтаў будуць улічвацца», - адзначыў Колас, калі ў яго спыталі пра сталую канфіскацыю тэхнікі падчас вулічных акцый.

Віктар Івашкевіч мяркуе, што трэба засяроджвацца 25 сакавіка не толькі на гістарычных падзеях, але і на актуальных, такіх як захаванне незалежнасці. Івашкевіч акцэнтаваў увагу на некаторых сацыяльных момантах - падзенні заробкаў у краіне. У чарговы раз палітык агучыў і ідэю байкоту парламенцкіх выбараў.

«На вуліцы павінна выйсці столькі людзей, каб дыктатар, беларусы і міжнародная супольнасць ўбачылі, што «Жыве Беларусь», - адзначыў Івашкевіч. - Святкаваць сёння няма чаго, можам толькі адзначыць мужнасць тых людзей».

Аляксей Марачкін адзначыў, што будуць адбывацца не толькі вулічныя акцыі, але і выставы да гадавіны БНР.

Ігар Лялькоў з БНФ таксама выказаў задавальненнем тым, што для святкавання Дня Волі аб'ядналіся апазіцыйныя сілы. Упершыню да аргкамітэту па святкаванні далучылася партыя «Справядлівы свет».

«Мы не хацелі б бачыць на акцыі правакатараў ў форме або без формы», - адзначыў Івашкевіч.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках