25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі ў Менску завершыцца канцэртам

64

Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі распавёў аб запланаваных на 25 сакавіка мерапрыемствах.

Палітыкі пацвердзілі - канцэрту быць. «Усё законна, супрацьдзеянняў з боку ўладаў не будзе», - заяўляюць яны.

- Гадавіну абвяшчэння БНР мы будзем не святкаваць, а адзначаць, - удакладняюць прадстаўнікі аргкамітэта.

Такім чынам, 25 сакавіка ў 13.30 усе жадаючыя адзначыць памятную дату могуць сабрацца на пляцоўцы каля Акадэміі Навук. Само шэсце пачынаецца ў 14.00 і пройдзе па маршруце праспект Незалежнасці - вуліца Сурганава - плошча Бангалор. На апошнюю кропку маршруту можна будзе трапіць праз шэсць уваходаў. Дазволена праносіць банеры, сцягі і дрэўкі, піша «Салідарнасць».

- Ёсць арганізацыі, якія любяць надзімаць шчокі і біць сябе ў грудзі, асабліва на еўрапейскіх пляцоўках. Мы іх не бачылі пры падрыхтоўцы свята, - адзначыў старшыня грамадскага камітэта па святкаванні Дня Волі Уладзімір Колас. - Наогул, мы зацікаўленыя, каб удзел прымала як мага больш арганізацый. Таксама хацелася б, каб кожная арганізацыя вылучыла мінімум пяць «дружыннікаў», якія б супрацоўнічалі са службамі па ахове парадку, не дапускалі правакацый.

Арганізатары адзначаюць, што зараз галоўным з'яўляецца не месца правядзення мерапрыемства. Важна проста сабрацца разам, паглядзець адзін на аднаго, колькі чалавек вырашыла паўдзельнічаць.

- А ўжо потым можна прэтэндаваць на большае, - лічаць яны і адзначаюць яшчэ адзін пазітыўны момант, што ў гэтым годзе існуе адзіны маршрут шэсця.

У цяперашні час актыўна распаўсюджваюцца ўлёткі і налепкі з інфармацыяй аб месцы і часу правядзення Дня Волі. Ужо вядома, што на самім мітынгу на плошчы Бангалор каля дзясятка музыкаў праспяваюць на тэму незалежнасці і свабоды.

Абмеркавалі і іншыя крэатыўныя ідэі.

- Сцягі выдаваць ніхто не будзе. Іх можна пашыць самім або набыць. Можна таксама зрабіць банеры. Людзі, выяўляйце ініцыятыву! - звярнуўся Віктар Івашкевіч.

Удзельнікам прапануецца выходзіць пад такімі традыцыйнымі лозунгамі, як «За вольныя выбары», «За свабоду палітвязняў». Але імправізацыя і крэатыў толькі вітаюцца. На думку аргкамітэта, сёння тэма вызвалення палітвязняў гучыць гэтаксама актуальна, як і пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Таксама варта казаць аб сацыяльных, эканамічных праблемах, паколькі магчымасць сустрэцца на такіх пляцоўках з вялікай колькасцю людзей здараецца рэдка.

Арганізатары распавялі, што атмасфера на сустрэчы з прадстаўнікамі Менгарвыканкама, МНС, міліцыі і іншых гарадскіх служб была даволі добразычлівая.

- Улады пагадзіліся з большасцю нашых прапаноў. Было бачна, што яны зацікаўленыя ў тым, каб Дзень Волі прайшоў без правакацый, - адзначыў Уладзімір Колас.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках