25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да гадавіны тэракту: фільм «Страх у краіне спакою» (Трэйлер)

30
Да гадавіны тэракту: фільм «Страх у краіне спакою» (Трэйлер)

Што насамрэч адбылося 11 красавіка 2011 г. на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Менску?

Чым быў расстрэл Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва – справядлівым пакараннем ці легальным забойствам?

11 красавіка, роўна праз год пасля тэракту ў менскім метро, «Белсат» пакажа дакументальны фільм-расследаванне «Страх у краіне спакою».

Распавядае рэжысёрка Кацярына Бортнік:

«Праца над фільмам працягвалася амаль год у вельмі складаных умовах. Людзі баяліся не толькі даваць каментар на камеру, але і размаўляць па тэлефоне. Вельмі шмат фактаў ды інфармацыі ў гэты фільм не ўвайшлі, каб не нашкодзіць тым, хто з намі дзяліўся, але ўсё гэта пераканала нас яшчэ больш у тым, што афіцыйная версія не падмацаваная фактамі».

Аўтары фільму аналізуюць факты і ставяць пад сумнеў афіцыйную версію падзеяў на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 г. У фільме няма пустых тэорыяў і неабгрунтаваных гіпотэзаў. Гэта стужка пра беларускую следчую сістэму, пра беларускі суд, пра лёсы некалькіх чалавек, якія сталіся ахвярамі сістэмы.

«Уладзіслаў Кавалёў у гэтай справе меў толькі адзін выбар: памерці як хлус з усведамленнем, што ён спрычыніўся да смерці знаёмца, бо сябрамі яны ніколі не былі. Ці памерці як чалавек моцны – чалавек гонару і сумлення. Ягоная маці, Любоў Кавалёва, мае ганарыцца сваім сынам, які да канца застаўся чалавекам. Чалавекам годным – такім, як яна яго выхавала», - кажа Кацярына Бортнік.

Фільм закранае найбольш супярэчлівыя моманты справы «тэрарыстаў з метро», якія так і не былі разгледжаныя ў судзе. Чаму галоўны абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў не прамовіў на працэсе ні слова?

«Я ведала, што змяніць лёс хлопцаў фільмам было ўжо немагчыма, і чым больш я паглыблялася ў тэму – тым больш у гэтым пераконвалася. Але самым цяжкім момантам было дадаваць ва ўжо завершаны фільм тое, што хлапцоў расстралялі…», - кажа рэжысёрка.

Адзін з герояў фільму апынуўся ў эпіцэнтры трагедыі, бо прызначыў сустрэчу дзяўчыне – акурат у той час, калі грымнуў выбух, і на той самай лавачцы, пад якою была закладзеная бомба.

У фільме таксама прагучаць дагэтуль невядомыя факты і ацэнкі незалежных экспертаў.

«Мне вельмі важна было спачатку самой зразумець, што здарылася на «Кастрычніцкай» 11 красавіка. Уладзімір Захматаў, доктар тэхнічных навук, выбітны спецыяліст у галіне выбухаў, прызнаны эксперт у ЗША, Расеі, Украіне, падышоў да справы вельмі прафесійна і напачатку схіляўся да афіцыйнай версіі следства. Не бачыў ён канкрэтных доказаў таго, што бомбу мог зрабіць хтосьці іншы, апроч Канавалава. Але калі ён пабачыў увесь следчы эксперымент з Дзімам, то быў вельмі моцна ўражаны адсутнасцю ў Канавалава якіх-небудзь ведаў пра выбухоўку», - адзначае Бортнік

У фільме былы следчы распавядае пра сістэму працы следчых органаў.

«Капітан міліцыі Андрэй Пыжык, як толькі распачаўся судовы працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым, сказаў, што калі абодвум вынесуць смяротны прысуд, гэта стане пацверджаннем таго, што яны не вінаватыя…

Хочацца спадзявацца, што гэты фільм калі не верне хлопцам добрае імя, то прынамсі пасее ў гледачоў сумневы: ці сапраўды расстралялі злачынцаў? Хочацца верыць, што гэты фільм выкліча дыскусію пра смяротнае пакаранне ў нашай краіне. Я глыбока перакананая, што нікому не дадзенае права забіраць жыццё. А тым больш страшна, калі такое права ўзурпуе дзяржава, якая створаная, каб не забіваць, а ахоўваць і абараняць сваіх грамадзянаў».

Прэм’ера дакументальнага фільму «Страх у краіне спакою» – на тэлеканале «Белсат» у гадавіну тэракту 11 красавіка, а 21:30.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках