25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Каваленка не перанясе этапавання ў «Навінкі»

46
Сяргей Каваленка не перанясе этапавання ў «Навінкі»

У Навінкі палітвязень Сяргей Каваленка павінен быць накіраваны ў бліжэйшы час.

Жонка віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ Сяргея Каваленкі Алена асцерагаецца, што ейны муж можа не перанесці этапавання ў рэспубліканскую псіхіятрычную лякарню ў Навінках (Менск).

10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара.

«Я не ведаю, як у ягоным стане, у стане галадоўкі, ён перанясе этап, - сказала Алена Каваленка у каментары БелаПАН. - У мяне ёсць толькі дзве думкі з гэтай нагоды. Першая - ён памрэ па дарозе, і тады здымаюцца ўсе пытанні. Другая - яго прызнаюць шалёным, дыскрэдытуючы тым самым ўсе ідэі, за якія ён змагаецца, і прызначаюць прымусовае лекаванне ў духу савецкіх часоў і карнай псіхіятрыі», - лічыць жонка апазіцыянера.

Алена таксама непакоіцца з нагоды таго, што ўжо прыкладна трое сутак ніхто з родных і блізкага атачэння Сяргея яго не бачыў. «Учора, 9 красавіка, да яго не дапусцілі адваката. Сёння яго не прывезлі ў суд. Сёння ж у калоніі «Віцьба-3» яго паспрабавала наведаць маці, аднак лекар калоніі заявіў, што Сяргею ўкалолі нейкі седатыўны сродак, ён спіць і праспіць да вечара», - сказала Алена Каваленка.

Нагадаем, Сяргей Каваленка спрабуе абскардзіць прысуд, вынесены яму 24 лютага судом Першамайскага раёна Віцебска. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, вынесеным апазыцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, - тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года і з тых часоў знаходзіцца ў зняволенні.

У знак пратэсту супраць дзеянняў уладаў актывіст КХП-БНФ абвясціў галадоўку, падчас якой страціў палову сваёй вагі. Зараз, па словах жонкі Алены, ён важыць каля 45 кілаграмаў замест ранейшых 83. Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у псіхіятрычным аддзяленні лякарні на тэрыторыі віцебскай выпраўленчай калоніі «Віцьба-3».

1 красавіка яго пачалі прымусова карміць. Прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах апазіцыянер адмаўляецца, нягледзячы на шматлікія ўгаворы родных і просьбы прадстаўнікоў грамадскасці і апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляе, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную грамадзянскую лякарню.

Вызвалення віцебскага апазіцыянера патрабуюць праваабаронцы і міжнародная супольнасць.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках