25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Бандарэнка: «У мужа зараз прага да дзейнасці»

10
Вольга Бандарэнка: «У мужа зараз прага да дзейнасці»

Жонка каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Зміцера Бандарэнкі ў панядзелак раніцай падзялілася, як прайшоў першы дзень ейнага мужа ў хатнім становішчы пасля больш чым гадавога зняволення.

- У нядзелю ўдзень мы сустрэлі Зміцера. Потым з часткай сяброў паехалі да нас дадому. Ежы не было - я была не гатовая да таго, што яго вызваляць, а дома для сябе практычна не гатую, паколькі ем мала. Хлопцы схадзілі ў краму. Праўда, Зміцер амаль нічога не еў - у яго падагра і яму амаль нічога нельга. Зараз у яго востры прыступ, таму ён нават не выпіў за сваё вызваленне, - распавяла Вольга Бандарэнка аб першых гадзінах, праведзеных з мужам.

Пасля таго, як госці разышліся па дамах, Вольга і Зміцер доўга размаўлялі:

- Мы нават яшчэ не разбіралі ягоную сумку. А гаварылі пра ўсё на свеце. Ён распавядаў, як і што было за кратамі - пра нейкія рэчы, людзей, з якімі пазнаёміўся, новых сяброў, якіх набыў. Знаёміўся, у асноўным, у санчастцы. Адзін з ягоных новых сяброў, на жаль, памёр. Мы шмат чаго абмяркоўвалі. Немагчыма вылучыць нейкую пэўную тэму, - сказала «Салiдарнасцi» Вольга Бандарэнка.

Ужо другую ноч суразмоўніца не высыпаецца (у суботу ўначы сустракала вызваленага Андрэя Саннікава). Але па гэтай прычыне не бядуе.

- Зміцер мне паспаць, вядома, не даў, таму што паводле звычкі падняўся ў шэсць раніцы, пачаў хадзіць. У яго зараз прага да дзейнасці. У панядзелак ён перш за ўсё заплаціў за Інтэрнэт і тэлефон, - падзялілася яна.

Зміцер Бандарэнка паразмаўляў з дачкой, якая зараз знаходзіцца ў Польшчы, па скайпе.

- Яна вельмі сумуе, не бачыла яго з 20 снежня 2010 года. Пакуль зносіны толькі па скайпе. Ёй, на жаль, пакуль прыязджаць нельга, - з сумам распавядае Вольга Бандарэнка.

Пара пакуль не вызначылася з планамі на будучыню, поскльку пакуль «проста не было часу».

- Мабыць, бліжэйшыя планы - гэта лекаванне. Але мы пакуль не ведаем: дзе, як і з чаго пачынаць. Занадта шмат хвароб. Іншых планаў пакуль няма - было вельмі мала часу, каб пабыць удвох, плюс наш тэлефон разрываецца», - падагульніла суразмоўніца.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках