25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія амбасадары вярнуліся ў Варшаву і Брусель

2
Беларускія амбасадары вярнуліся ў Варшаву і Брусель

Амбасадары Беларусі ў Польшчы і Бельгіі Віктар Гайсёнак і Андрэй Еўдачэнка 25 красавіка вярнуліся да месца службы.

Пра гэта БелаПАН паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення інфармацыі - начальнік аддзела прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына.

Нагадаем, 25 красавіка ў Беларусь пачалі вяртацца амбасадары краін ЕЗ. Раніцай у Менск прыбыў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан.

Амбасадары Літвы і Польшчы Эдмінас Багдонас і Лешак Шарэпка ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і накіроўваюцца ў Менск.

Час прыбыцця амбасадараў іншых краін Еўразвяза па-ранейшаму невядомы. У прадстаўніцтве ЕЗ і амбасадах сітуацыю не каментуюць, абяцаючы даць інфармацыю ўжо па факце прыезду дыпламатаў.

Дакладна вядома, што 27 красавіка ў Менск плануе вярнуцца амбасадар Чэхіі Йіржы Карас - пра гэта ён сам паведаміў у інтэрв'ю беларускай службе «Радыё Свабода». На гэтым тыдні таксама чакаецца прыезд амбасадара Германіі Крыстафа Вайля, заявілі ў дыппрадстаўніцтве ФРГ.

Між тым некалькі дзён таму брусэльскае выданне EUobserver са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў ЕЗ паведаміла, што першымі ў Менск павінныя вярнуцца кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвяза Майра Мора і амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка, якім беларускія ўлады 28 лютага рэкамендавалі пакінуць краіну для кансультацый са сваім кіраўніцтвам. Нагадаем, на такі крок Менск пайшоў пасля таго, як Рада міністраў ЕЗ прыняла рашэнне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да Беларусі. На знак салідарнасці са сваімі калегамі ў канцы лютага - пачатку сакавіка з Беларусі з'ехалі ўсе амбасадары краін Еўразвяза.

23 красавіка рада міністраў замежных спраў ЕЗ абмеркавала беларускае пытанне на паседжанні ў Люксембургу. Рада вітала вызваленне апазіцыйных палітыкаў Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі, падкрэсліўшы пры гэтым неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.

Па інфармацыі польскага агенцтва ПАП, у ходзе пасяджэння міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў асцярогу, што вяртанне амбасадараў у Менск можа быць выкарыстанае Аляксандрам Лукашэнкам у прапагандысцкіх мэтах. Літоўскі міністр прапанаваў ЕЗ выступіць з заявай з нагоды вяртання дыпламатаў у Беларусь, аднак, мяркуючы па ўсім, гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымкі ва ўдзельнікаў пасяджэння.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках