25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуса забіваюць за сцяг

87
Беларуса забіваюць за сцяг

Мы ўсе прызвычаліся да абсурду і жорсткасці беларускага жыцця, але ўсяму ёсць мяжа.

У ХХІ стагоддзі ў краіне ў цэнтры Еўропы ў турме памірае ад галадоўкі апазіцыянер Сяргей Каваленка. Некалькі гадоў таму ён усяго толькі вывесіў нацыянальны сцяг краіны на навагодняй яліне. Гэты бел-чырвона-белы старажытны сімвал Беларусі быў заменены на рэферэндуме 1995 года на чырвона-зялёнае ўвасабленне лукашэнкаўскага рэжыму. З тых часоў наш гістарычны сцяг забаронены.

Ці ведаеце вы яшчэ краіну ў свеце, дзе за вывешванне сцяга арыштоўваюць і прысуджаюць да турэмнага тэрміну? У Беларусі гэта адбываецца ўжо 17 гадоў, з таго самага рэферэндуму 1995 года. Беларускія дэмакраты вывешваюць нацыянальны сцяг па начах, каб не быць арыштаванымі, хаваюць яго пад адзеннем, разгортваюць на дэманстрацыях, рызыкуючы атрымаць ўдар амапаўскай дубінкай. Гэта палатно белага і чырвонага колераў стала сёння сімвалам беларускага супраціву дыктатуры і барацьбы за свабоду.

Лёс Сяргея Каваленкі, мужнасць, з якой ён адстойвае права беларусаў мець сапраўдныя нацыянальныя сімвалы, не павінны пакінуць нікога абыякавым.

З сярэдзіны снежня да канца сакавіка з перапынкам на 20 дзён Каваленка трымаў галадоўку, за час якой схуднеў на 50 кілаграмаў. Потым яго кінулі ў «псіхушку», адтуль — зноў у турму, дзе беларус зноў адмовіўся ад ежы. Ён патрабуе адмены незаконнага прысуду, вызвалення ўсіх палітвязняў і легалізацыі нацыянальнай сімволікі.

Ніхто не ведае ці перажыве Каваленка гэтую галадоўку. Адмова ад ежы на працягу двух месяцаў ужо прывяла да незваротных працэсаў у яго арганізме. Яшчэ адна галадоўка можа стаць фатальнай.

Але свет маўчыць, як маўчаць самі беларусы. 13 мая на афіцыйным узроўні ў краіне адзначаўся Дзень дзяржаўнага сцяга. У рамках акцыі «Ганарымся радзімай сваёй» салдаты насілі па цэнтральнай плошчы Мінска велізарнае чырвона-зялёнае палатно. Чым яны ганарацца? Турмамі, у якіх паміраюць палітвязні, забітымі і выкрадзенымі апазіцыянерамі, выкрадзеным правам выбару, адсутнасцю свабод, галечай і рэпутацыяй краіны як «апошняй дыктатуры Еўропы»?

Палітыка Лукашэнкі на працягу амаль 20 гадоў яго кіравання — гэта сапраўдны генацыд. Знішчаюцца не толькі іншадумцы — знішчаецца памяць людзей, гісторыя і мова цэлага народа. Які дыктатар у свеце яшчэ так ненавідзіць гісторыю сваёй краіны, людзей, якія яе памятаюць і шануюць?

Я не ведаю, як яшчэ можна выратаваць Сяргея Каваленку, акрамя як крычаць на ўвесь свет: людзі, не будзьце абыякавымі. Беларуса забіваюць за сцяг у ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы.

У свой час мяне ўразіла акцыя «Коні-2012», арганізаваная маладымі амерыканцамі. Спрабуючы спыніць лідара тэрарыстычнай арганізацыі Уганды «Армія супраціву Госпада» Джозэфа Коні, які праславіўся жахлівым гвалтам, у тым ліку над дзецьмі, жыхары ЗША пачалі кампанію грамадзянскай салідарнасці з угандыйцамі. Акцыя доўжыцца да гэтага часу. Тысячы і тысячы людзей выходзяць на вуліцы, патрабуючы міжнароднага пераследу і арышту Коні, і прымушаючы свой урад рэагаваць на той кашмар, які адбываецца ў гэтай краіне ў цэнтральнай Афрыцы.

Іх дэвіз — «Няма нічога мацнейшага за ідэю тых, чый час прыйшоў». Іх ідэя — простыя грамадзяне ў стане паўплываць на ўрады і могуць рабіць гісторыю.

Калі людзі па ўсім свеце пачнуць уздымаць кожны дзень беларускі сцяг ці насіць белыя і чырвоныя колеры, гэта можа выратаваць жыццё не толькі Сяргею Каваленку. Гэта можа выратаваць Беларусь.

Наталля Радзіна, рэдактар charter97.org

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках