25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціск на палітвязняў расце

3
Ціск на палітвязняў расце

Мікалаю Статкевічу абвясцілі вымову, пошту Эдуарда Лобава «фільтруюць», Аляксандру Францкевічу адмовілі ў сустрэчы з бацькамі.

Наталля Пінчук - жонка палітвязня Алеся Бяляцкага - сёння вярнулася са спаткання з Алесем з Бабруйскай турмы, перадае «Радыё Свабода».

Яно павіннае было быць доўгатэрміновым, але было скарочанае з трох да адных сутак, кажа Наталля:

«Была знойдзеная пэўная прычына, і, адпаведна, спатканне было скарочанае. Але я задаволеная тым, што гэта спатканне ўсё ж адбылося і я яго ўбачыла. Ну, бадзёры, трымаецца, заўсёды кажа, што ўсё нармальна, але я ўвесь час чула ягоны кашаль. Кажа, што вялікую частку часу займае праца - ён працуе на ўпакоўцы прадукцыі швейнай вытворчасці. Што тычыцца розных прашэнняў, то на сёння, я ведаю, ён іх не пісаў. Зразумела, што ён там знаходзіцца пад асаблівым кантролем, і гэта мае свае наступствы, звязаныя з тым, што ягоныя кантакты з іншымі зняволенымі абмежаваныя».

Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч даслаў жонцы Марыне Адамовіч ліст, у якім паведамляе аб новым ціску з боку адміністрацыі Шклоўскай турмы:

«Я ўчора атрымала ліст, у якім пацвердзілася тое, што ён раней пісаў - пачаліся пошукі недахопаў. Гэтыя пошукі як пачаліся, так у той жа дзень і скончыліся вынясеннем яму вымовы. Як ён кажа, ведаючы папярэдні досвед, гэтым не скончыцца. Ну, а вымова аўтаматычна пазбаўляе магчымасці перагляду справы аб умовах утрымання, які мог бы адбыцца пасля 12 ліпеня. І гэта самае малое з таго, што можа быць».

Марына Лобава - маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава - кажа, што не мае дакладных звестак аб умовах знаходжання ейнага сына ў Івацэвіцкай турме, бо ўсю ягоную карэспандэнцыю уважліва праглядаюць:

«Тэлефоны праслухоўваюцца і карэспандэнцыя прачытваецца, таму калі ён піша нешта важнае, то гэта не даходзіць. Таму паведамляе, што ўсё ў яго добра. Па крайняй меры, з прашэннем аб памілаванні праблем у яго не ўзнікала. Сёння буду высылаць яму сшыткі, канверты і маркі. Бо яму шматлікія пішуць, і ён на лісты адказвае».

Разам з Эдуардам Лобавым ў Івацэвіцкай турме зняволенне адбывае Аляксандр Францкевіч, асуджаны па справе анархістаў. Ягоная маці Тацяна Францкевіч кажа, што сына пазбавілі спаткання з бацькамі:

«4 мая ў нас павіннае было быць доўгатэрміновае спатканне на ягоны дзень народзінаў, але перад гэтым начальніку зоны нешта ў ім не спадабалася.

Нешта ён не так падышоў, не так сказаў, той пазбавіў яго доўгатэрміновага спаткання, і пасля гэтага ён стаў злосным парушальнікам. За гэта яго пазбавілі таксама грашовага пераводу. Сказалі, што будуць глядзець на ягоныя паводзіны і здымаць пакаранні, але наўрад ці гэта будзе. Вось у гэтыя выходныя дзень адчыненых дзвярэй павінен быў быць. Дык яго выкраслілі са спісаў і сказалі, што бацькоў запрашаць не будуць. Я думаю, што гэта нейкі ціск, толькі невядома навошта. Магчыма, што хочуць зламаць, каб напісаў што-небудзь. Бо Саша сказаў, што атрымаў нейкі ліст, напісаны левай рукой, у якім гаворыцца, каб ён пакаяўся».

Па словах Тацяны Францкевіч, бацькі асуджаных у справе анархістаў падтрымліваюць паміж сабой сувязь і дзеляцца інфармацыяй пра сваіх сыноў. У маі спаўняецца год пасля суда, у выніку якога Аляксандр Францкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў былі асуджаныя на тэрміны ад 4,5 да 8 гадоў турмы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках