25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Svenska Dagbladet»: Чэмпіянат у Менску - шайба ў браму МФХ

28
«Svenska Dagbladet»: Чэмпіянат у Менску - шайба ў браму МФХ

Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе варта перанесці з Беларусі ў Швецыю або Фінляндыю, дзе праходзяць адпаведна ЧС-2012 і ЧС-2013.

Пра гэта ў «Svenska Dagbladet» піша спартовы аглядальнік Оле Білгер.

«Беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка - тыран, які пераследуе дысідэнтаў і цісне на апазіцыю. Гэта найгоршая дыктатура ў Еўропе, якая захавала ў сабе рысы мінулай эпохі. Затое яе кіраўнік тры разы на тыдзень мае хакейныя трэніроўкі. Даваць яму магчымасць ззяць ў промнях ЧС - гэта гратэск. Насамрэч, цяперашнюю пазіцыю МФХ можна параўнаць з прыгожым голам ва ўласную браму. Аднак у федэрацыі ўсё ж ёсць шанец выправіць гэтую памылку», - адзначае Білгер.

Паводле спартовага журналіста, пратэсты супраць менскага турніру, да якога далучаецца ўсё больш і больш еўрапейцаў, нельга зводзіць да палітычных патрабаванняў. Гаворка ідзе аб правах чалавека, а не пра адрозненні палітычных «левых», «правых» і «цэнтрыстаў», перадае «Радыё Свабода».

«І чым большы маштаб і прэстыж міжнароднага турніру, які праводзіцца ў краіне з дыктатарскім рэжымам», - працягвае аглядальнік «Svenska Dagbladet», - «тым больш шкоды і ганьбы ад яго».

Міжнародная федэрацыя хакея разгледзіць пытанне аб пераносе чэмпіянату свету з Беларусі ў іншую краіну. Гэтае пытанне унесенае ў парадак дня паседжання федэрацыі, якое запланаванае на май у Хельсінкі.

Ідэя перанесці чэмпіянат у іншае месца з'явілася пасля разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Пад заклікам перанесці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадскія дзеячы з усяго свету. Ідэю пераносу чэмпіянату з Беларусі падтрымалі Еўрапарламент і Кангрэс ЗША.

Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясення чэмпіянату з адной краіны ў іншую. У сувязі з уварваннем дзяржаў Варшаўскага пакта ў Чэхаславакію ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 праводзіўся не ў Празе, як было запланавана раней, а ў Стакгольме.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках