25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Народная воля»: Шок. Каманда Статкевіча ідзе на выбары

144
«Народная воля»: Шок. Каманда Статкевіча ідзе на выбары

Чаму ні адзін палітвязень, акрамя Мікалая Статкевіча, не напісаў палітычна значных лістоў?

Аргкамітэт па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» распаўсюдзіў паведамленне аб тым, што будзе прымаць удзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў».

Дзіўная атрымліваецца сітуацыя: шэраг партый галоўнай умовай свайго ўдзелу ў парламенцкіх выбарах называюць вызваленне палітвязняў, а калі гэтага не адбудзецца, збіраюцца абвясціць выбарам байкот, у той жа час партыйцы, лідар якіх - Мікалай Статкевіч - знаходзіцца за кратамі, ад байкоту адмовіліся, піша «Народная воля».

Цікава, што сваё рашэнне аргкамітэт па стварэнні «Народнай грамады» абгрунтоўвае пазіцыяй свайго лідара, выкладзенай у лістах на волю, хоць невядома, ці маглі б прайсці турэмную цэнзуру лісты іншага зместу. Напэўна, маецца на ўвазе ліст Статкевіча, напісаны ў снежні мінулага года, дзе Статкевіч выкладае свае погляды на тое, як выйсці з таго тупіку, у якім апынуліся беларускія дэмакраты.

«Дэмакратычныя партыі, некалі створаныя і падрыхтаваныя для ўдзелу ў сумленных выбарах, не ў стане аднаасобна вырашыць задачу дэмантажу рэжыму, - напісаў Статкевіч. - Але яны могуць стаць арганізатарам шырокага руху ўсіх слаёў грамадства, час якога прыйшоў. Бо толькі такі Рух здольны пераламаць сітуацыю ў бок дэмакратыі».

Далей Статкевіч напісаў наступнае: «Дэмакратычныя партыі павінныя не толькі выступаць каркасам Руху, але і выконваць свае класічныя функцыі. Маецца на ўвазе ўдзел у бліжэйшых парламенцкіх выбарах, які лічу абавязковым. Пры адсутнасці прагрэсу ў дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства задачамі ўдзелу дэмакратычных сіл у парламенцкай кампаніі павінныя быць: карыстанне легальнымі магчымасцямі для агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі, правядзенне скаардынаваных акцый пратэсту па ўсёй краіне ў фармаце сустрэч з выбаршчыкамі, збор доказаў фальсіфікацыі выбараў. Няўдзел апазіцыі ў выбарах не з'яўляецца падставай для іх міжнароднага непрызнання, гэтак жа, як удзел не з'яўляецца падставай дзеля іх прызнання».

Працытаваўшы ў сваёй рэзалюцыі апошні радок з ліста Статкевіча, ягоныя аднапартыйцы прынялі рашэнне ўдзельнічаць у выбарах. У рэзалюцыі гаворыцца:

«Зыходзячы з гэтага, маючы на мэце актывізацыю кампаніі за вызваленне Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў; павышэнне інфармаванасці грамадства; рост вядомасці і аўтарытэту БСДП (НГ):

Лічым абавязковым прыняць удзел у бліжэйшай электаральнай кампаніі, у тым ліку, у межах кампаніі «За справядлівыя выбары 2012»:

Партыя прымае ўдзел у вылучэнні з ліку сябраў партыі прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, а таксама, у арганізацыі сістэмы назірання за парламенцкімі выбарамі

Партыя вылучае кандыдатаў у дэпутаты, падтрымлівае кампаніі кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў у асобных акругах.

Партыя выкарыстоўвае парламенцкія выбары для правядзення інфармацыйнай і мабілізацыйнай кампаніі «За вызваленне Мікалая Статкевіча!», пашырэння вядомасці БСДП (НГ), прыцягнення новых сябраў і прыхільнікаў.

Кампанія павінная завяршыцца ўсебаковым аналізам яе эфектыўнасці».

Цікава, што адразу пасля з'яўлення гэтага паведамлення на сайце Статкевіча, да яго з'явіўся кароткі каментар ад нейкага Улада: «Ганьба!»

Паспрачацца з інтэрнэт-каментатарам, як Надзея Крупская за палітычную спадчыну Леніна, вырашыла жонка Статкевіча - Марына Адамовіч.

«Калі падтрымаць лідара, які і ў турме паслядоўны ў імкненні выкарыстоўваць любыя легальныя магчымасці - ганьба, то што ж тады гонар? Падтрымаць тых, хто збіраецца «змагацца за вызваленне палітвязняў» метадамі, якія галоўны з іх - Мікалай Статкевіч - не ўхваляе? Божа! Як перавернутая свядомасць!» - напісала Марына Адамовіч.

Сапраўды, нейкая перавернутая і незразумелая сітуацыя. Асабліва калі ўлічваць, што больш ні адзін іншы палітвязень, акрамя Статкевіча, проста не меў магчымасці напісаць з-за кратаў якіх-небудзь палітычна значных лістоў.

Напісаць каментар 144

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках