25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International: Беларусь - апошні кат рэгіёну

6
Amnesty International: Беларусь - апошні кат рэгіёну

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала справаздачу аб стане правоў чалавека ў свеце за мінулы год.

Беларусь у ім характарызуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, ростам напружанасці ў грамадстве і яшчэ вялікім абмежаваннем свабоды ўладамі, паведамляе «Радыё Свабода».

На працягу года абмежаванні, накладзеныя на свабоду слова, аб'яднанняў і сходаў, сталі яшчэ больш жорсткімі, гаворыцца ў раздзеле справаздачы, прысвечаным Беларусі. Працягваліся выкананні смяротных прысудаў. Вязні сумлення заставаліся за кратамі і падвяргаліся катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання. Права на справядлівы суд было абмежаванае. У краіне адсутнічала сістэма незалежнага маніторынгу месцаў пазбаўлення волі.

Сведчанні аб катаваннях прагучалі з вуснаў Алеся Міхалевіча, кандыдата ў прэзідэнты, які быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых дэманстрацый пасля выбараў. Зміцер Дашкевіч падчас свайго зняволення па крайняй меры восем разоў знаходзіўся ў карцары. Паводле Amnesty International, на канец 2011 года ў Беларусі было шэсць вязняў сумлення: Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

У жніўні быў арыштаваны кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі. Ён таксама прызнаны вязнем сумлення. На працягу года крымінальнаму пераследу падвяргаліся як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя праваабарончыя арганізацыі. Неўзабаве пасля арышту Бяляцкага былі прынятыя папраўкі ў закон «Аб грамадскіх аб'яднаннях», якія ўвялі забарону на размяшчэнне сродкаў беларускіх няўрадавых арганізацый на банкаўскіх рахунках за мяжой. Венецыянская камісія Рады Еўропы адзначыла, што крымінальны кодэкс, які кваліфікуе як злачынства ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных партый ці аб'яднанняў «несумяшчальны з разуменнем дэмакратычнага грамадства».

Драконаўскім называецца ў дакладзе таксама прыняты ў Беларусі новы закон «Аб масавых мерапрыемствах». Ён з'явіўся пасля так званых «маўклівых» акцый пратэсту і патрабуе дазволу ўладаў як на правядзенне загадзя вызначанага публічнага дзеяння, так і «бяздзейнасці».

Ілюструючы сітуацыю са свабодай слова, справаздача таксама згадвае прысуд на тры гады (умоўна) журналісту Анджэю Пачобуту за «абразу прэзідэнта».

У 2011 годзе ў Беларусі пакаралі смерцю двух чалавек (гродзенскіх забойцаў Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыку). Прысуды былі прыведзеныя ў выкананне нягледзячы на тое, што Камітэт ААН па правах чалавека накіраваў Беларусі афіцыйную просьбу аб адтэрміноўцы, каб вывучыць справы асуджаных. Amnesty International называе Беларусь у сувязі з яе практыкай ужывання смяротнага пакарання апошнім катам рэгіёну.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках