25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітыкі ЗША і ЕЗ падтрымалі ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

72
Палітыкі ЗША і ЕЗ падтрымалі ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Сітуацыя ў Беларусі самым актыўным чынам абмяркоўвалася на міжнароднай канферэнцыі ў Сейме Літвы.

3 мая ў парламенце Літвы праходзіць міжнародная канферэнцыя «Роля парламентарыяў ва ўмацаванні дэмакратычных дзяржаў Усходняй Еўропы: шлях да дэмакратычнага грамадства», на якой абмяркоўваюцца перспектывы дэмакратызацыі, палітычныя падзеі ў рэгіёне, а таксама выклікі і бачанні міжнароднай інтэграцыі і супрацоўніцтва.

У працы канферэнцыі бяруць удзел сенатар ЗША Джон Макейн, спікер Сейма Літвы Ірэне Дэгутэне, старшыня Камітэта па замежных справах Сейма Эмануэліс Зінгерыс, міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, адзін з лідараў расейскай апазіцыі Барыс Нямцоў, старшыня Камітэта замежных спраў Сената Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч, старшыня Камітэта па пытаннях еўраінтэграцыі Вярхоўнай Рады Украіны Барыс Тарасюк, віцэ-спікер парламента Грузіі Гігі Цэрэтэлі, каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў і Павел Марыніч, рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі, старшыня камісіі па замежных справах Сейма Польшчы Анджэй Халіцкі і іншыя.

Спікер сейма Ірэне Дэгутэне, адкрываючы канферэнцыю, адразу ж звярнула ўвагу на сітуацыю ў Беларусі:

«Галоўная ўмова аднаўлення дыялогу з Лукашэнкам - гэта вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў. Краіне таксама патрэбныя сістэмныя змены, а не паказальныя акцыі, якія Лукашэнка праводзіць ўвесь час для атрымання крэдытаў Захаду».

Былы кандыдат у прэзідэнты ЗША, сенатар Джон Макейн адзначыў, што можа падацца, што ЗША надаюць не дастатковую ўвагу Усходняй Еўропе. «Аднак гэта не так, мы з'яўляемся фактычна адной сям'ёй з Еўропай, нас аб'ядноўваюць абавязальніцтвы перад светам», - сказаў сенатар.

У сваім выступе Макейн адзначыў праблемныя, на ягоны погляд, краіны былога Савецкага Саюза - Беларусь, Украіну, Малдову, Грузію.

«Беларусь ужо доўга змагаецца за свабоду, ЗША маюць намер і далей дапамагаць беларускаму народу. Трэба разумець, што Лукашэнка разумее толькі сілу і санкцыі. Толькі дзякуючы санкцям ён вызваліў Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнку, якія адседзелі ў турме амаль паўтара гады. Мы не павінныя паслабляць ціск на Лукашэнку. Ціск на яго павінны быць унутраным і знешнім», - сказаў амерыканскі сенатар.

Кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс, кажучы аб старшынстве Літвы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, адзначыў, што яно пачалося з закрыцця ў Беларусі офіса АБСЕ.

Міністр адзначыў, што ў бліжэйшы час у Беларусі, Украіне і Грузіі пройдуць парламенцкія выбары. «Гэтым краінам патрэбная нашая падтрымка ў гэты час», - сказаў Ажубаліс.

«Апошні дыктатар Еўропы кіруе Беларуссю з дапамогай кулака. Сёння для нас відавочна, што беларускі рэжым варта асуджаць. Тут магчымы толькі чорны ці белы свет. Рэжым цалкам не хоча супрацоўнічаць з Захадам, хоць у краіны еўрапейская спадчына. Рэжым не паважае правы і свабоды грамадзянаў, апазіцыя пераследуецца, незалежныя СМІ таксама прыгнятаюцца», - сказаў віцэ-прэзідэнт Міжнароднага Рэспубліканскага Інстытута (ЗША) Стывен Нікс.

Былы прэм'ер-міністр Польшчы, кіраўнік камісіі Сената па замежных справах Уладзімеж Чымашэвіч адзначыў, што ў Беларусі цалкам ігнаруюцца правы чалавека.

Сустаршыня расейскага руху «Салідарнасць» Барыс Нямцоў падкрэсліў, што ў цяперашні час адбываецца «лукашызацыя» Расеі. «Сёння ў Расеі ажыццяўляецца сцэнар «лукашызацыі». Калі мы нічога не будзем рабіць, сядзець на кухнях, то мы апынемся ў сітуацыі, у якой апынуўся Менск».

Намеснік міністра замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус перакананы, што Беларусь і яе народ павінныя мець еўрапейскую перспектыву. Сёння гэтай перспектывы беларусаў пазбаўляюць беларускія ўлады, перакананы наммністра.

«Мы павінныя падтрымліваць жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускіх службовых асоб і быць цалкам адкрытымі для беларускага народа», - сказаў Ігнатавічус.

Удзельнікі канферэнцыі прынялі рэзалюцыю. Шматлікія яе пункты тычыліся Беларусі:

«Мы падтрымліваем намінацыю палітвязня Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру, якая з'яўляецца прызнаннем ягонай ролі ў дапамозе палітвязням і іхнім сем'ям у Беларусі.

Мы асуджаем беларускі рэжым за пераслед і зняволенне сябраў палітычнай апазіцыі. Мы заклікаем беларускія ўлады дазволіць палітычным партыям і грамадзянскай супольнасці праводзіць мітынгі і мець доступ да СМІ.

Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць актывістаў апазіцыі з турмаў і спыніць катаванні.

Мы выказваем нашую падтрымку ЗША і Еўрапейскаму Звязу за ўзмацненне палітычных і эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму дзеля таго, каб былі вызваленыя палітвязні і праведзеныя дэмакратычныя рэформы», - гаворыцца ў рэзалюцыі.

Рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна з кіраўніком Камітэта па замежных справах Сейма Літвы Эмануэлісам Зінгерысам

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў з сенатарам ЗША Джонам Макейнам

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках