25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч патрабуе пакараць суддзю Алену Сямак

12
Валянцін Стэфановіч патрабуе пакараць суддзю Алену Сямак

Намеснік старшыні ПЦ «Вясна» 4 мая накіраваў на імя старшыні Менскага гарадскога суда заяву аб парушэнні заканадаўства з боку суддзі Цэнтральнага раёна Алены Сямак.

Суддзя зацягвае разгляд скаргі невыязнога праваабаронца, піша ПЦ «Вясна».

Як паказана ў скарзе, Валянцін Стэфановіч 21 сакавіка звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Менска са скаргай на дзеянні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. (Паводле даведкі з аддзела па грамадзянстве і міграцыі Партызанскага РУУС г. Менска, рашэннем менавіта гэтага міністэрства праваабаронцу абмежаваны выезд за межы Беларусі.) Паводле паштовага апавяшчэння скарга атрыманая судом Цэнтральнага раёна 26 сакавіка. Аднак суддзя Алена Сямак, якой была перададзеная скарга ў вытворчасць,  дагэтуль не прызначыла разгляду ў судовым паседжанні.

«Паводле ч.1 арт. 337 ГПК Рэспублікі Беларусь справы, якія ўзнікаюць з адміністратыўна-прававых адносін, разглядаюцца судом не пазней месячнага тэрміну ад дня паступлення заявы ў суд, калі іншае не ўстаноўлена дадзеным Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства. Такім чынам, мая скарга на дзенні Міністэрства абароны па незаконным абмежаванні майго права на выезд за межы Рэспублікі Беларусь павінна была быць разгледжаная суддзёй А. Сямак не пазней за 26 красавіка. Чаму дагэтуль не адбылося разгляду скаргі і чаму суддзя А. Сямак парушае патрабаванні дзеючага заканадаўства пры ажыццяўленні правасуддзя, мне не зразумела», - піша Стэфановіч старшыні Менгарсуда.

Праваабаронца лічыць, што сваімі дзеяннямі суддзя Алена Сямак дапусціла грубейшае парушэнне дзеючага заканадаўства пры ажыццяўленні ёй правасуддзя. У сувязі з гэтым, кіруючыся артыкуламі 111, 114, 115, 119 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, ён просіць узбудзіць дысцыплінарную вытворчасць і прыцягнуць суддзю Алену Сямак да дысцыплінарнай адказнасці, прадугледжанай дзеючым заканадаўствам.

«Гэта працяг своеасаблівага эксперыменту, які я праводжу ў звязку з тым, што мне незаконна абмежавана права на выезд з краіны, - тлумачыць Валянцін Стэфановіч. - Яго мэта – яшчэ раз прадэманстраваць, у што ператварылася наша так бы мовіць незалежная судовая сістэма. А ўвогуле пасля таго, як скарыстаю ўсе магчымасці на нацыянальным узроўні я планую звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальным зваротам аб тым, што, па-першае, мне незаконна, у тым ліку ў парушэнне патрабаванняў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах , было абмежавана права пакідаць сваю краіну - выключна ў сувязі з маёй праваабарончай дзейнасцю. Па-другое, мне было адмоўлена ў правасуддзі ў краіне, таму што я апеляваў да суда, а суд маю справу папросту ігнаруе».  

Нагадаем, 11 сакавіка бягучага года пры пераездзе дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у памежным пераходзе «Каменны лог» Валянціну Стэфановічу было адмоўлена ў праве выезда з Рэспублікі Беларусь. Паводле тлумачэнняў начальніка памежнай службы, пашпартныя звесткі праваабаронцы значацца ў банку дадзеных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права якіх на выезд з Рэспублікі Беларусь часова абмежаванае.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках