25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саюз палякаў шакаваны арыштам Пачобута

3
Саюз палякаў шакаваны арыштам Пачобута

Сапраўднай прычынай затрымання лідара СПБ лічыць ягоную актыўную пазіцыю як журналіста і актывіста.

Адвакат Анджэя Пачобута Аляксандр Бірылаў мае намер сёння сустрэцца са следчым для высвятлення прычын затрымання свайго падабароннага і будзе дамагацца сустрэчы з ім.

Пра гэта паведаміла БелаПАН жонка Пачобута Аксана.

Нагадаем, гродзенскі карэспандэнт польскай «Газеты выборчай» Анджэй Пачобут, які таксама з'яўляецца намеснікам старшыні галоўнай рады нефармальнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ), быў затрыманы ўвечары 21 чэрвеня ў сябе дома. У ягонай кватэры правялі ператрус, пасля чаго Пачобута павезлі ў пракуратуру, а адтуль даставілі ў следчы ізалятар. У дачыненні да журналіста ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта, здзейснены асобай, якая раней была судзімая за паклёп ці абразу). Яму пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

Па словах Аксаны Пачобут, падставай для крымінальнага пераследу ейнага мужа сталі ягоныя артыкулы, размешчаныя на сайтах charter97.org і «Беларускі партызан», у якіх ішла гаворка аб вынясенні смяротных прысудаў Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, абвінавачаных у тэрарызме.

Год таму Пачобут ужо быў судзімы па ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) за свае крытычныя артыкулы ў адрас улады. Тады суд Ленінскага раёна Гародні прысудзіў журналіста да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады.

Па словах Аксаны Пачобут, яе муж лічыць, што суд над ім будзе прызначаны «без затрымак», хутчэй, чым у мінулым годзе: тады ў пошуках паклёпу на адрас прэзідэнта абвінавачванні прыйшлося перакладаць польскамоўныя тэксты Пачобута, а ў гэты раз будуць разглядаюцца расейскамоўныя тэксты.

Каментуючы затрыманне Анджэя Пачобута, старшыня нефармальнага СПБ Анжаліка Арэхва заявіла, што для саюза палякаў гэта стала шокам, бо «ніхто гэтага не чакаў». Сапраўднай прычынай затрымання Пачобута Арэхва лічыць ягоную актыўную пазіцыю як журналіста і як актывіста СПБ. «У апошні час ён прадпрымаў актыўныя дзеянні ў абарону польскай школы ў Гродне, быць можа, з гэтым таксама звязанае затрыманне», - выказала здагадку лідарка арганізацыі.

Паводле яе, пасля таго, як прычыны затрымання Пачобута стануць вядомыя дакладна, СПБ выпрацуе стратэгію яго абароны і будзе ўзаемадзейнічаць у гэтым з польскімі ўладамі, якія падтрымліваюць незарэгістраваны ў Беларусі саюз палякаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках