25 лiстапада 2024, панядзелак, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сябраў камісій заклікалі не быць саўдзельнікамі злачынстваў

7
Сябраў камісій заклікалі не быць саўдзельнікамі злачынстваў

Брэсцкая дэмакратычная кааліцыя «Спадчына» прыняла зварот да «будучых сябраў выбарчых камісій».

Сябраў камісій просяць не пагаджацца на працу ў камісіях:

«Адмаўляцца ад гэтай «ганаровай» ролі сябра выбарчай камісіі па любой падставе. Не дазваляйце, каб злачынная групоўка, якая ўтрымлівае ўладу, карысталася вамі для здзяйснення чарговага злачынства. Яны хочуць зрабіць вас яго саўдзельнікам. Рэжым падзе, і адказваць прыйдзецца ім і вам. Вашае імя будзе пакрытае ганьбай».

У звароце «да настаўнікаў і выкладчыкаў, інжынераў і тэхнічных работнікаў, дырэктараў універсітэтаў і школ» прадстаўнікі кааліцыі пішуць:

«Напэўна, вас, як і большасць беларусаў, да нядаўняга часу палітыка не цікавіла. Калі ў 1995-1996 гадах знішчалі беларускія сімвалы і Канстытуцыю, калі ў 1999-2000 забівалі свабоду выбару ў асобе законнага старшыні ЦВК Віктара Ганчара, генерала Юрыя Захаранкі, журналіста Зміцера Завадскага, у вас напэўна былі справы больш важныя. [...] Мала хто разумеў, што ўлада ў Беларусі нелегітымная, бо пачынаючы з 1996 года ні адныя «выбары» і рэферэндумы, якія праводзіліся тут, не былі прызнаныя сусветнай грамадскасцю».

Далей у звароце канстатуецца, што «ўсё змянілася ў снежні 2010 года. Нам усім далі зразумець: у краіне не толькі ўсталяваная, але і замацаваная дэспатыя рэпрэсіўнага апарата».

Прадстаўнікі кааліцыі «Спадчына» звяртаюцца да будучых сябраў камісій са сцвярджэннем, што «людзі, якія абвясцілі байкот амаральнай уладзе» таксама хочуць, «каб жыццё дзяцей і ўнукаў было шчаслівым і радасным», каб была магчымасць «сумленна і годна зарабляць».

У звароце ягоныя ініцыятары просяць будучых сябраў камісій задумацца, чаму менавіта іх «прызначылі ў выбарчую камісію»:

«Напэўна, вы - чалавек ціхі і рахманы, магчыма, наіўны або залежны ад пасады, кантракту, звычкі. Вас лёгка падмануць ці падпарадкаваць, схіляючы да фальсіфікацый. Вам прыйдзецца маніпуляваць з колькасцю выбаршчыкаў, укідваць бюлетэні або не заўважаць укладанне, падпісваць пустыя пратаколы і маўчаць аб сваім злачынстве».

У звароце дэмакраты пішуць, што «байкот - гэта шанец аднавіць законнасць, гэта цвёрды адказ на гвалт, амаральнасць, убогасць, хамства, пражэрлівасць цяперашняй улады. Байкот - гэта зразумелае «бывай» партыям і рухам, якія насуперак інтарэсам народа з году ў год падтрымліваюць уладу пасродкам удзелу ў выбарчым фарсе».

Напрыканцы падпісанты звароту называюць іх «саўдзельнікамі злачынства» і заклікаюць «не падтрымліваць іх ні словам, ні справай».

Брэсцкая дэмакратычная кааліцыя «Спадчына» была ўтвораная пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У яе ўваходзяць абласныя арганізацыі БХД, БСДП (Народная Грамада), «Еўрапейскай Беларусі», «Маладой Беларусі», «Беларускага руху».

Кааліцыя выступае за байкот «парламенцкіх выбараў», якія адбудуцца 23 верасня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках