25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сівакоў пра «медальны план»: Пупок развяжацца

16
Сівакоў пра «медальны план»: Пупок развяжацца

Неўязны ў ЕЗ былы міністр спорту і міністр унутраных спраў назваў патрабаванні Лукашэнкі неадэкватнымі.

Да адкрыцця Алімпіяды ў Лондане засталося 5 дзён, нагадвае «Радыё Свабода». З гэтай нагоды ў Алімпійскай вёсцы ўвечары 22 ліпеня быў узняты афіцыйны сцяг Беларусі. Зрэшты, беларускія спартсмены стартуюць у афіцыйных спаборніцтвах нават раней афіцыйнай цырымоніі - 26 ліпеня футбольная зборная згуляе супраць каманды Новай Зеландыі. Ці атрымаецца беларусам дасягнуць вышынь, якія перад атлетамі пазначылі дзяржаўныя функцыянеры?

Нагадаем, Лукашэнка запатрабаваў прывезці з Лондана 25 узнагарод, прычым 5 з іх павінны быць вышэйшай вартасці. Як лічаць эксперты, выканаць загад будзе надзвычай складана: на Алімпіяду з-за нізкіх вынікаў не патрапілі шматлікія прызёры папярэдніх гульняў. Пра тое, што па розных прычынах давядзецца прапусціць галоўны старт чатырохгоддзя, заявілі Юлія Несцярэнка і Вадзім Дзевятоўскі. Не дапаможа футбольнай камандзе і лепшы некалі беларускі ігрок Аляксандр Глеб.

Былы міністр спорту і турызму Юрый Сівакоў, якога падазраюць у дачыненні да знікненняў беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў, называе сцвярджэнні аб тым, што гэтыя страты не адаб'юцца на поспеху выступу беларускай каманды, безадказнымі.

«Я ўжо гэта праходзіў на ўласным вопыце, казаў тады і зараз кажу - пупок развяжацца. Натуральна, планка завышаная, адназначна, пастаўлены неадэкватныя задачы. Але гэта наш прынцып, які рэалізуецца ўжо шмат гадоў: патрабуй немагчымага - атрымаеш максімальнае. Людзі да такога прынцыпу таксама прывыкаюць - чалавек, як вядома, да ўсіх абставін умее адаптавацца - і пачынаюць хлусіць там, дзе трэба і дзе не трэба. У нас міністр, кіраўнік ведамства не мае магчымасці і імкнення неяк выказаць свой пункт гледжання, не разумее таго, што яго задача - не бегаць, не скакаць і не падымаць на грудзі штангу. Асноўная задача - не перашкаджаць падначаленым прафесійна працаваць і стварыць ім спрыяльныя ўмовы для гэтай працы. Вось у гэтым уся наша праблема», - кажа Сівакоў.

Не лепшы маральны стан і ў некаторых дзеючых удзельнікаў гульняў. Трыумфатар папярэдняй Алімпіяды ў Пекіне цяжкаатлет Андрэй Арамнаў не змог годна перажыць выпрабаванне славай, некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, што адбілася на ўсім падрыхтоўчым працэсе. Як кажа іншы алімпійскі чэмпіён, штангіст Леанід Тараненка, прыклад яго маладога калегі павінен стаць урокам для ўсіх спартсменаў - пры любых рэгаліях трэба выконваць законы грамадства, у якім ты жывеш.

«Ні ў якім разе не можа быць ніякіх апраўданняў, калі чалавек парушае законы.

Як можна апраўдаць чалавека, які дзесяць ці колькі там разоў пападаўся п'яным за рулём? І гэта толькі выпадкі, пра якія мы ведаем. А яшчэ колькі разоў «пранесла»? Мне здаецца, гэта усё ад беспакаранасці, ад адчування таго, што ты нейкі суперчалавек. Але ў такім выпадку трэба або адбіраць машыну, ці яшчэ нейкія санкцыі ўжываць - я не ведаю, што яшчэ рабіць, калі так закружылася галава ад поспеху. Пакуль мы жывем у грамадстве, мы павінны жыць па тых нормах, якія ўстаноўлены самімі людзьмі гэтага грамадства», - кажа ён.

На Алімпіядзе ў Лондане беларусы будуць спаборнічаць у 25 алімпійскіх дысцыплінах - гэта на адну менш, чым чатыры гады таму ў Пекіне. Асаблівыя надзеі - на кідальныя віды лёгкай атлетыкі, грэблю, гімнастыку, барацьбу, велспорт. Але гэтага мала для таго, каб заваяваць 25 медалёў. А ў іншых відах спадзявацца можна хіба што на поспех.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках