25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК адправіў прыхільнікаў байкоту агітаваць на кухні

11
ЦВК адправіў прыхільнікаў байкоту агітаваць на кухні

Ярмошына дазволіла правядзенне пікетаў толькі кандыдатам у «дэпутаты».

Гэта вынікае з адказу, атрыманага з Цэнтрвыбаркама актывістамі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Як паведаміў БелаПАН адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі, яны звярнуліся ў ЦВК з просьбай патлумачыць, якім чынам можна праводзіць агітацыю за байкот «выбараў».

У прыватнасці, Садоўскі і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі прасілі старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну растлумачыць, ці могуць прыхільнікі байкоту выстаўляць пікеты з заклікам да байкоту як падчас збору подпісаў, так і падчас агітацыі ў рамках выбарчага заканадаўства і ці могуць яны праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў вызначаных гарвыканкамамі месцах для агітацыі па заяўным прынцыпе і заклікаць іх на гэтых сустрэчах да байкоту.

«З ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай мы атрымалі адказ, што агітацыя за байкот «выбараў» падчас перадвыбарнай кампаніі дазволена. Аднак разам з тым Ярмошына паведаміла, што правядзенне пікетаў у заяўным парадку дазволена толькі кандыдатам у дэпутаты і іх давераным асобам. На «байкотныя» пікеты трэба атрымліваць дазвол у заяўным парадку ў адпаведнасці з законам аб масавых мерапрыемствах», - сказаў Садоўскі.

«Што датычыцца перадвыбарных сходаў, якія арганізуюць выбаршчыкі, то выбаршчыкі могуць звяртацца ў акруговыя камісіі з заявамі аб прадастаўленні памяшканняў для гэтай мэты», - гаворыцца ў адказе ЦВК.

«Таксама, як вынікае з адказу, размяшчэнне матэрыялаў аб байкоце «выбараў» у СМІ не прадугледжана Выбарчым кодэксам, і пра гэта трэба дамаўляцца непасрэдна са СМІ на правах рэкламы. Таксама не рэгулюецца дзейнасць праваахоўных органаў, якія часта затрымліваюць агітатараў за байкот. Акрамя таго, ЦВК рэгулюе толькі выраб агітацыйнай прадукцыі кандыдатаў у дэпутаты, і не рэгулюе друк прадукцыі, прысвечанай байкоту», - паведаміў Садоўскі.

«Гэта значыць юрыдычна байкот дазволены, але фактычна агітаваць за байкот можна толькі на кухні. Зыходзячы з адказу ЦВК, правядзенне перадвыбарных мерапрыемстваў за байкот «выбараў» рэгулюецца заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях», - пракаментаваў адказ з ЦВК Садоўскі.

Тым не менш, заявіў ён, кампанія байкоту «выбараў» будзе працягвацца.

«У нас ёсць маленькая шчыліна - разам з тымі кандыдатамі, якія плануюць зняцца, мы можам праводзіць агітацыйныя пікеты за байкот. З некаторымі такімі кандыдатамі ўжо ёсць дамоўленасць аб правядзенні сумесных акцый і пікетаў. Паглядзім, як на гэта адрэагуюць улады», - сказаў Садоўскі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках