25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Магілёве зборшчыка подпісаў зноў не пусцілі ў інтэрнат

4
У Магілёве зборшчыка подпісаў зноў не пусцілі ў інтэрнат

Пры гэтым агітаваць за праўладнага кандыдата там можна.

Намеснік дырэктара па ідэалогіі завода «Зеніт» Мікалай Міхаленя загадаў не пускаць зборшчыкаў подпісаў у інтэрнаты прадпрыемства. Пра гэта паведаміла камендантка інтэрната, які знаходзіцца на вуліцы Ціміразеўскай, 11. Жанчына адмовілася прапусціць туды Аляксея Паўлоўскага, сябра ініцыятыўнай групы вылучэнца ў «дэпутаты» Леаніда Падбярэцкага, паведамляе ПЦ «Вясна».

Прычына адмовы складаецца ў тым, што зборшчыкі подпісаў нібыта будуць перашкаджаць адпачынку жыхароў інтэрната.

Тым часам сама камендантка, якая не прадставілася, займаецца зборам подпісаў за праўладнага прэтэндэнта - дзеючага «дэпутата» «парламента» Уладзіміра Васіленку. Падпісныя лісты за яго вылучэнне заўважыў Аляксей Паўлоўскі, аднак, калі пачалася спрэчка, камендантка іх адразу схавала.

Абсурднасць сітуацыі складаецца яшчэ і ў тым, што Мікалай Міхаленя з'яўляецца старшынёй акруговай выбарчай камісіі № 84 і ён ніяк не можа не ведаць пра тое, што ўсім кандыдатам прадастаўляюцца роўныя магчымасці для збору подпісаў.

Праваабаронца Барыс Бухель, які ў дадзеным выпадку кажа аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу, ставіць лагічнае пытанне: «Ці з'яўляецца наогул гэтая камендантка інтэрната членам ініцыятыўнай групы Васіленкі?»

Нагадаем, што 31 ліпеня, збіраючы подпісы ў падтрымку іншых дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты - Рыгора Антановіча і Уладзіміра Пунчанкі - Аляксей Паўлоўскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Вахцёрка, па загадзе каменданткі, націснула «трывожную кнопку». У выніку зборшчыка подпісаў даставілі ў пастарунак, аднак разабраўшыся, у чым справа, прывезлі яго назад і склалі пратакол на супрацоўніц інтэрната за ілжывы выклік.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках