25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Засталося толькі аб'явіць Лукашэнку царом

28
Юрый Хашчавацкі: Засталося толькі аб'явіць Лукашэнку царом

Вядомы рэжысёр Юрый Хашчавацкі зарэгістраваны кандыдатам у «дэпутаты», але на «выбары» ісці не збіраецца.

У сувязі з гэтым ён адказаў на пытанні сайта charter97.org.

- Што вы плануеце рабіць 23-га верасня?

- Я планую сядзець дома на канапе. Пачакайце, зараз я пагляджу ў календары, што гэта за дзень. Так, 23-га верасня я буду сядзець дома, адпачываць, размаўляць з сябрамі.

- Дык на «выбары» вы не пойдзеце?

- Ні ў якім разе. Я буду заклікаць байкатаваць гэтыя «выбары». За  тыдзень да «выбараў» я здыму сваю кандыдатуру. Зараз я іду як спікер ад АГП, каб заклікаць людзей не хадзіць на «выбары», што я зраблю сам у першую чаргу.

- Вы як кінарэжысёр да якогу жанру маглі б аднесці гэтыя «выбары»?

- Я думаю, што гэта жанр пра фальсіфікатараў, пра прайдзісветаў, пра махляроў. Гэта гісторыя Генры Фільдынга «Том Джонс-знайдыш». Авантурызм, у гэтым выпадку - авантурызм улады, якая нам вельмі дорага каштуе. Гэта трагікамедыя, таму што хітрыкі нашай улады, што выкарыстоўваюцца, вельмі невуцкія, яны відавочныя. Нават у школе дзеці і то ўмеюць падманваць больш праўдападобна. А тут падман і падман. З гэтага пункту гледжання гэта камедыя. А з пункту гледжання будучыні беларускай дзяржавы - гэта трагедыя, таму што калі так будзе працягвацца, мы краіну згубім.

- Вам вядомыя шмат фактаў фальсіфікацый. Ці яны не лягуць у сюжэт новага фільма пра «парламенцкія выбары»?

- Разумееце, гэта будзе стары фільм, адзін і той жа фільм. Такі ж, як быў у 2006 годзе («Плошча»), такі ж я зрабіў у 2010 («Звычайныя выбары»), такі ж можна зрабіць і ў 2012-м. Усё паўтараецца.

- Вы нічога новага ад гэтых «выбараў» не чакаеце?

- Арсенал іх прыёмаў ужо вычарпаны. Засталося толькі аб'явіць Лукашэнку царом, а яго сям'ю дынастыяй. І сказаць, што гэта памазанік божы. Але паколькі ён праваслаўны атэіст, значыць, гэта памазанік праваслаўнага атэізму. І на гэтым закрыць тэму.

- Як вы сябе адчуваеце ў якасці кандыдата ў «дэпутаты»?

- Нармалёва, таму што ў мяне ёсць магчымасць звярнуцца да людзей. Паколькі, калі мы гаворым байкот, мы павінны мець на ўвазе наступнае. Мы (гэта я маю на ўвазе людзей, якія хочуць актыўна заклікаць да байкота) што хочам? Мы самі хочам байкатаваць? Або мы хочам, каб нашае грамадства, нашыя выбаршчыкі як мага ў большай колькасці байкатавалі? Я хачу другога варыянту. Я як грамадзянін сам ніколі на гэтыя «выбары» не пайду, але паколькі я лічу, што байкот павінен стаць усенародным, то я іду дзеля таго, каб звярнуцца да людзей. Я маю такую магчымасць адзін раз праз тэлебачанне і адзін раз праз радыё. Ёсць яшчэ дэбаты, калі наважацца іх праводзіць. Я напісаў заяву, што хачу ўдзельнічаць у дэбатах, паглядзім, што атрымаецца. Зараз займаюся актыўнай дзейнасцю, накіраванай на арганізацыю нацыянальнага байкоту, і я ведаю, што маю рацыю.

- Ці не баіцеся вы ціску на сябе і сваіх родных з боку ўлады?

- Толькі вар'ят можа вам сказаць, што ён нічога не баіцца. Вядома, усе баяцца. Але мне ўжо позна баяцца. Мне неўзабаве 65. Ёсць хвілінны страх, хваляванне, разуменне, што гэтыя людзі ні перад чым не спыняцца. Але ёсць жа страх за будучыню. У гэтай краіне павінны жыць і мае дзеці, і мае ўнукі, і дзеці маіх ўнукаў. Гэта краіна павінна як мага хутчэй стаць на шлях нармальнага развіцця. А для гэтага перш за ўсё патрэбныя нармальныя выбары. І гэта павінна зразумець грамадства. Шмат людзей кажуць: «Што дадуць нармальныя выбары? Прыйдуць іншыя, усё адно падмануць. Пэўна ж падмануць!» Дык вы ў наступны раз зможаце выбраць іншых. Вось як ва Ўкраіне. І наступныя пачнуць думаць: «Ці трэба так паводзіцца, ці трэба падманваць?» Але калі ў вас будзе магчымасць іх пераабраць, адклікаць, будзе магчымасць аб'яўляць імпічмент, тады з цягам часу ў нас з'явіцца разумная, гуманная ўлада, якая будзе думаць не пра тое, як набіць кішэні, але і пра нацыю, пра грамадства, пра кожнага чалавека.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках