25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія СМІ: Паліцыя ФРГ супрацоўнічала з беларускімі сілавікамі да 2012 года

24
Нямецкія СМІ: Паліцыя ФРГ супрацоўнічала з беларускімі сілавікамі да 2012 года

Вясной гэтага года ў Менску знаходзіўся адказны чыноўнік нямецкай памежнай паліцыі.

Прэс-сакратар МУС Германіі распавёў у інтэрв'ю выданню Bild am Sonntag (нядзельнаму дадатку выдання Bild), што афёра з падрыхтоўкай беларускіх сілавікоў нямецкімі паліцэйскімі працягвалася не да 2011 года, як паведамлялася раней, а да вясны 2012, паведамляе «Радыё Свабода».

Раней Bild і іншыя нямецкія СМІ пісалі, што сілавыя ведамствы ФРГ займаліся падрыхтоўкай беларускіх кадраў у перыяд паміж 2008 і 2011 гадамі. У прыватнасці, паведамлялася, што трэнінгі на тэрыторыі Германіі праходзілі каля ста супрацоўнікаў дзяржаўных структур Беларусі. Беларусы прысутнічалі ў якасці назіральнікаў пры разгоне нямецкіх антыядзерных дэманстрацый, дзе паліцыянты ўжывалі дубінкі, вадамёты і слёзатачывы газ. Таксама нямецкія паліцыянты правялі падрыхтоўку 400 беларускіх памежнікаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва міліцыі і крыміналістаў на тэрыторыі Беларусі.

У Бундэстаге чакаюць тлумачэння адносна гэтай афёры ад кіраўніцтва нямецкага МУС. Пра гэта заявіў спікер сацыял-дэмакратычнай парламенцкай фракцыі Міхаэль Гартман. Паводле яго слоў, увесь гэты час вышэйшы заканадаўчы орган краіны не быў праінфармаваны аб супрацоўніцтве паміж нямецкімі і беларускімі сілавікамі належным чынам.

Трэба адзначыць, што першымі, хто забіў трывогу з нагоды супрацоўніцтва былі нямецкія левыя на чале з лідэрам партыі Грэгарам Гізі. У мінулым годзе ён накіраваў спецыяльны запыт у федэральны ўрад, дзе надаў галоўную ўвагу падзеям 19 снежня 2010 года і папрасіў расследаваць, ці мела адносіны да падаўлення масавых акцый пратэсту ў Менску супрацоўніцтва паміж спецыяльнымі фарміраваннямі нямецкай паліцыі і беларускім АМАПам.

Як паведамляў сайт charter97.org, у ліпені 2012 года быў адпраўлены ў адстаўку шэф нямецкай паліцыі Матыяс Зеегер. Сярод іншага яму ставіліся ў віну кантакты з беларускім урадам.

24 жніўня гэтага года прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Зайберт заявіў, што доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Беларуссю мела тады «дапушчальныя падставы». Паводле яго слоў, у сваіх дзеяннях нямецкая паліцыя, «наколькі гэта магчыма», заўсёды імкнецца да зняцця напружанасці і негвалтоўных метадаў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках