25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АГП патрабуе спыніць цэнзуру тэлевыступаў кандыдатаў

14
АГП патрабуе спыніць цэнзуру тэлевыступаў кандыдатаў

Таксама ў адкрытым лісце Лукашэнке партыя прапануе адправіць Ярмошыну на пенсію.

Падставай для ліста стала забарона на трансляцыю па тэлебачанні ролікаў кандыдатаў у «дэпутаты» ад АГП, якія заклікаюць да байкоту «парламенцкіх выбараў», паведамляе БелаПАН.

Старшын Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што зварот адрасаваны менавіта Лукашэнке, а не ЦВК, так як «сцэнары ўсіх выбарчых кампаній пішуцца ў яго рэзідэнцыі».

У лісце гаворыцца пра тое, што «выбарчая кампанія», яшчэ не падышла і да экватара, а ўжо захлынаецца ад скандалаў», што ў краіне сістэматычна парушаецца Канстытуцыя. «Бягучая выбарчая кампанія не дазваляе грамадзянам выказаць сваё волевыяўленне шляхам выбару самых годных кандыдатаў у галоўны заканадаўчы орган краіны. Прадстаўнікам АГП, напрыклад, не даюць магчымасці выступіць перад грамадзянамі ні па радыё, ні па тэлебачанні. Ім ставіцца ў віну тое, што яны прапагандуюць байкот «выбараў», - пішуць аўтары.

АГП заклікае Лукашэнку ліквідаваць двайныя стандарты і нагадвае кіраўніку яго ж словы: «Я ні за каго не буду галасаваць, усё роўна падмануць, я не пайду галасаваць». Такую заяву Лукашэнка зрабіў у тэлеэфіры 20 красавіка 1995 года.

«Чаму ж нам у 2012 годзе не дазваляюць паўтарыць гэтыя ж словы?» - пацікавіўся Анатоль Лябедзька.

АГП таксама просіць кіраўніка растлумачыць, чаму фраза з агітацыйных ролікаў кандыдатаў «Лукашэнка і яго сістэма - гэта тупік» падпадае пад цэнзуру. «Гэта ж не абраза, а пытанне для абмеркавання, і ў нас ёсць факты, якімі мы можам яе абгрунтаваць», - падкрэсліў лідэр партыі.

Ён паведаміў, што ў лісце ўтрымліваецца просьба «уздзейнічаць на спадарыню Ярмошыну і сказаць ёй, каб яна не захаплялася жангляваннем лічбаў». «Ды і наогул, было б лагічным адправіць яе на заслужаны адпачынак. Сваю лепту ва ўдасканаленне і развіццё выбарчага працэсу ў Беларусі яна ўнесла», - працытаваў Лябедзька ліст.

АГП звярнулася да незалежных СМІ Беларусі з просьбай аказаць інфармацыйную падтрымку тым кандыдатам, чые выступы не выпусціла ў эфір цэнзура.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках