25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвальвацыя непазбежная

44
Дэвальвацыя непазбежная

Можна штучна пратрымацца да канца года, але потым будзе абвал рубля.

Эканаміст Леанід Злотнікаў распавёў «Еўрарадыё», чаму 700 даляраў заробку - гэта сапраўды 500 даляраў і адкуль бяруцца грошы на павышэнне заробкаў.

- Старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкама Жанна Рамановіч заявіла, што сярэднямесячная заработная плата ў Менску да канца гэтага года дасягне амаль 5 мільёнаў. Гэта нават не абяцаныя раней 500, а 700 даляраў. Наколькі рэальныя гэтыя лічбы?

- Я б не сказаў, што гэта будзе 700 даляраў. Трэба адрозніваць даляр намінальны ад рэальнага. Калі ў ліпені сярэдняя зарплата па Беларусі склала 450 даляраў, то ў рэальных далярах - 386. Што значыць «у рэальных далярах»? У параўнанні са студзенем намінальны даляр вырас на 29%, але ў той жа час рост коштаў знізіў яго пакупніцкую здольнасць. Прасцей кажучы, сёння на 386 даляраў можна купіць столькі, колькі можна было купіць у пачатку года на 450. Таму ў рэальных далярах заробак будзе не 700 даляраў, а крыху больш за 500.

Насельніцтва звычайна не адрознівае намінальныя даляры ад рэальных, але трэба ўлічваць, што пакупніцкая здольнасць даляра ў гэтым годзе падае. Таму, калі намінальна ён вырас, то рэальна ён таксама вырас, але не на столькі.

- Савет міністраў у сваю чаргу прыняў рашэнне аб павышэнні тарыфнай стаўкі першага разраду да 225 тысяч беларускіх рублёў. Ці можа гэта істотна паўплываць на стан нашай эканомікі, улічваючы, што большасць экспертаў лічыць цяперашнюю сітуацыю досыць стабільнай?

- Адразу нагадаю, што заробак павінен вырасці прыкладна на 50% у даляравым вымярэнні ў параўнанні з пачаткам года. Гэта значыць, калі ў студзені сярэдняя зарплата была 345 даляраў, то рост павінен быць прыкладна на 50%. А рост прадукцыйнасці працы, якім вымяраецца рост ВУП - 5%. Уявіце сабе задачу: гэты пірог ВУП, які ўсе дзеляць паміж сабой - на інвестыцыі, на заробкі і на бюджэт - павялічыўся на 5%. А кавалак пірага, які будзе спажываць насельніцтва, павінен вырасці на 50%. Па гэтых лічбах відаць, наколькі насельніцтва будзе спажываць больш, чым дазваляе эканоміка.

Грашовая маса ў абароце вырасла на 37%, а інфляцыя вырасла на 11%. Зразумела, што грашовая маса перавысіла рост ВУП, а Нацбанк штучна стрымлівае інфляцыю тым, што не дае грашовай масе патрапіць у абарот. Калі б не гэта стрымліванне - зарплата не павялічылася б так моцна. Але доўга так нельга стрымліваць.

Давайце прадставім сабе наступны год. Зарплата была 345 даляраў, стала 500. А як падтрымліваць гэты высокі ўзровень у наступным годзе, адкуль браць рэсурсы? Можна пазычыць, але шмат нам цяпер не дадуць. Можна прадаць «Беларуськалій» і на адзін год павысіць зарплату, а што далей? Вядома, тое, што цяпер робіцца - непад'ёмна для Беларусі. Можна штучна пратрымацца да канца года, але далей я не бачу, за кошт чаго можна трымацца.

- Што ў такім выпадку пагражае беларусам? Можна казаць аб чарговай дэвальвацыі?

- Я прывёў лічбы. Мы можам і не праваліцца, але для гэтага трэба радыкальна мяняць эканамічную палітыку, ісці на сур'ёзную прыватызацыю і на першы час, можа, нават даходы ад прыватызацыі праесці, але за гэты час павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі. Калі мы будзем праводзіць рэформы, якіх ад нас чакаюць і МВФ, і Расея, яны дапамогуць нам крэдытамі. Спажыванне тады знізіцца, але не настолькі, як падчас дэвальвацыі 2011 года. Калі гэтых рэформаў не будзе, калі дапамогі не будзе, калі буйных даходаў ад прыватызацыі не будзе, тады, на маю думку, дэвальвацыя непазбежная.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках