25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Для Лукашэнкі цягнік з «растваральнікамі» сышоў

6
Deutsche Welle: Для Лукашэнкі цягнік з «растваральнікамі» сышоў

Блакаванне Беларуссю прапаноў, унесеных Расеяй у ЕЭК могуць пакінуць Менск без чарговага траншу крэдыту ЕўрАзЭС.

У чацвёртым квартале 2012 года Расея скароціць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь на 26 адсоткаў. Афіцыйных каментароў з гэтай нагоды пакуль не было ні ад Масквы, ні ад Менска. Але водгаласам гэтай «ціхай нафтавай вайны» стала паведамленне аб блакаванні беларускім бокам унесеных Расеяй у Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) прапаноў аб змене пераліку нафтапрадуктаў, якія павінны абкладацца экспартнай пошлінай, нагадвае Deutsche Welle.

Беларускі аналітык Таццяна Маненок лічыць, што скарачэнне паставак нафты і нафтапрадуктаў з Расеі выходзіць за рамкі раней падпісаных пагадненняў, і каментуе развіццё адносін паміж партнёрамі па Мытным саюзе.

- Чым можна растлумачыць прычыну скарачэння паставак нафты?

- На мой погляд, гэта абумоўлена рэакцыяй Расейскай Федэрацыі на сумніўны бізнэс, які квітнеў у Беларусі - выраслы да велізарных памераў экспарт растваральнікаў у ЕЗ, а таксама змазачных матэрыялаў і біядызелю на Украіну. У выніку чаго расейскі бюджэт, па неафіцыйных дадзеных, толькі ў гэтым годзе недаатрымаў каля 2 мільярдаў даляраў. Мяркую, што такія ж страты РФ панесла і ў мінулым годзе.

Прычым, выплаты ў расейскі бюджэт не паступалі на законных падставах - у адпаведнасці з узгодненым у рамках Мытнага саюза (МС) Расеі, Казахстана і Беларусі пералікам нафтапрадуктаў. Іх вываз за межы МС не абкладаецца экспартнай пошлінай. Разумныя галовы карысталіся шчылінай да таго часу, пакуль у ліпені гэтага года на «растваральнікавы» бізнэс не звярнуў увагі расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў. Ужо ў жніўні кіраўнік урада Беларусі Мясніковіч паведаміў, што з Беларусі «пайшла апошняя цыстэрна» з прадуктамі нафтахіміі. З'явілася таксама інфармацыя аб тым, што ў Беларусь былі спыненыя пастаўкі расейскай нафты - сыравіны, на базе якой вырабляліся растваральнікі.

- Наколькі правільнае сцвярджэнне некаторых экспертаў, што скарачэнне паставак нафты ў Беларусь звязана з рамонтнымі работамі на беларускіх НПЗ?

- Гэта секвеставанне нечаканае, паколькі ў канцы мінулага года Расея і Беларусь узгаднілі баланс паставак у аб'ёме 21,5 тоны нафты. Важна таксама, што ўвесь гэты аб'ём Расея пагаджалася пастаўляць па трубаправоднай сістэме, што робіць пастаўкі танней, чым па чыгунцы. Графік прапампоўкі быў вядомы.

Калі штоквартальна ў Беларусь паступала 5,3 мільёна тон нафты, то ў 4-м квартале РФ паставіць толькі 4 мільёны тон нафты. Акрамя таго, нават у рэжыме планавых рамонтаў НПЗ у Наваполацку і Мазыры ў стане перапрацоўваць увесь раней заяўлены аб'ём паставак.

- Чаму няма афіцыйнай інфармацыі аб памяншэнні паставак расейскай нафты і нафтапрадуктаў?

- Дакументальна спыненне паставак нафты ніяк не зафіксавана, таму што па ўмовах працы ў Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Расея не можа ў аднабаковым парадку прыняць такое рашэнне. Для забароны неабходна ўнесці змены ў раней падпісаныя пагадненні па пастаўках нафты, якія былі заключаны Масквой і Менскам у рамках АЭП. Гэты дакумент павінна таксама ўзгадніць Еўраазіяцкая эканамічная камісія.

Па наяўных у мяне звестках, Расея ўнесла такія прапановы, якія фактычна закрываюць усё шчыліны для росквіту «растваральнікавага» бізнэсу і экспарту біядызеля ва Украіну. Сэнс забаронаў зводзіцца да таго, што нафта будзе ўнесена ў пералік тавараў, што абкладаюцца экспартнай пошлінай. РФ уносіць таксама прапановы па змяненні мытнага кодэкса Мытнага саюза, каб нафтапрадукты абкладаемыя экспартнай пошлінай, былі выведзены з рэжыму перапрацоўкі.

Але нафта выкарыстоўваецца не толькі для вытворчасці растваральнікаў, а таксама для іншай прадукцыі беларускай нафтахіміі. Таму Менск можа заяўляць, што выводзячы нафтау з рэжыму перапрацоўкі, Расея парушае ранейшыя дамовы МС, згодна з якімі Беларусь можа імпартаваць нафтапрадукты з РФ без абмежаванняў.

- Мяркуючы па неафіцыйнай інфармацыі, Беларусь ужо заблакавала гэтыя прапановы.

- Дамовіцца па гэтых пытаннях будзе няпроста. Канфлікт пакуль не выйшаў на публічны ўзровень. Гэта сведчыць пра тое, што Расея выкарыстоўвае ліквідацыю «растваральнікавага» бізнэсу як рычаг, каб Беларусь села за стол перамоў і быў знойдзены кампраміс. Паколькі рашэнні ў рамках Еўразійскай эканамічнай камісіі мяркуюць прыняцце іх кансэнсусам.

Нагадаю, што ў бліжэйшы час Менск спадзяецца пачаць перамовы аб чарговым траншы крэдыту фонду ЕўрАзЭС у памеры 440 мільёнаў даляраў. Асноўны голас у гэтым антыкрызісным фондзе належыць Расеі. Не вырашыўшы пытанне з падпісаннем прапаноў РФ і новага пагаднення ў рамках АЭП, цяжка ўявіць, што Беларусь гэты крэдыт атрымае.

- Чым пагражае Беларусі ліквідацыя «растваральнікавага» бізнэсу, які быў сур'ёзным артыкулам даходаў для беларускага бюджэту?

- Сітуацыя на валютным рынку Беларусі сапраўды няпростая. У наступным годзе, як заявіў міністр фінансаў Беларусі, палову знешняй пазыкі, роўную 3,1 мільярда даляраў, мяркуецца рэфінансаваць за кошт двух чарговых траншаў крэдыту ЕўрАзЭС і атрымання грошай ад продажу аблігацый на знешніх рынках. Гэта значыць грошы яшчэ не атрыманы, але ўжо распісаны па пазыках.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках