25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Час сабатажу

144
Зміцер Бандарэнка: Час сабатажу

Беларуская дыктатура атрымала смяротную прабоіну. Каму патрэбны адпрэчаны народам дыктатар?

Пра апошнія падзеі ў Беларусі сайт charter97.org размаўляе з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былым палітвязнем Зміцерам Бандарэнкай.

- Ці можна лічыць байкот «выбараў» поспехам апазіцыі?

- Безумоўна. Апазіцыя адчула настроі людзей, і байкот атрымаўся. У 2010 годзе людзі ўбачылі некалькі лідэраў, якія адпавядалі іх чаканням. Таму і павінен быў адбыцца другі тур. Па гэтай прычыне рэжым, прайграўшы электаральна, скінуў ліберальную маску і пайшоў на сілавое бязмежжа. Гэта выклікала эканамічную катастрофу 2011 года, калі ВУП краіны ў даляравым эквіваленце скараціўся на 40 адсоткаў. Беларуская дыктатура ў снежні 2010 года атрымала смяротную прабоіну, і сёння гэты напалову патоплены карабель рухаецца толькі на расейскім буксіры.

Калі ў 2010 годзе можна было казаць аб салідарным дзеянні беларусаў, што адмаўляюць дыктатуру, то ў 2012-м было салідарнае нядзеянне. І невядома, што яшчэ для ўлады небяспечней.

- У чым небяспека гэтага байкоту для ўлады?

- Любая ўлада, у тым ліку, і таталітарная, прэтэндуе на легітымнасць і спасылаецца на народную падтрымку. Зараз лукашэнкаўскія халопы і рэкруты дэмаралізаваныя тым, што абсалютная большасць грамадзян краіны іх мерапрыемства пад назвай «выбары» проста дэманстратыўна праігнаравала. Калі адкінуць датэрмінова загнаных на ўчасткі, рэальная яўка склала не больш за 10 адсоткаў. І самае страшнае для Лукашэнкі - гэта выразна ўбачылі ў Крамлі. Каму патрэбен бездапаможны і адвергнуты сваім народам дыктатар?

- Чаму частка апазіцыі вырашыла ўдзельнічаць у гэтых «выбарах» да канца?

- Часта бывае, калі людзі для адстойвання сваіх праў і абароны сваіх лідэраў вымушаныя звяртацца да байкоту і забастоўкі. І тады з'яўляюцца штрэйкбрэхеры, якія кажуць, што яны працуюць «у імя народа». На самой справе, штрэйкбрэхеры заўсёды працуюць за грошы і адстойваюць інтарэсы не народа, а сваіх гаспадароў.

- Падзеі апошняга тыдня: вызваленне адных палітвязняў і жахлівы ціск на іншых. Як гэта растлумачыць?

- Яшчэ сам знаходзячыся ў зняволенні, вельмі радаваўся выхаду любога чалавека на свабоду. Вельмі рады, што Алена Каваленка змагла абняць свайго мужа, а мама Паўла Сырамалотава дачакалася свайго сына, якога не бачыла амаль два гады. Чаму так страшна ціснуць на іншых? Мабыць, пачаўся чарговы раўнд гандлю за беларускіх палітвязняў. Рэжым баіцца магчымых кастрычніцкіх санкцый з боку ЕЗ. Бо «растваральнікавую выратавальную камізэльку» Расея адбірае. Трэба зноў тэрмінова шукаць грошы на Захадзе.

- Як вы можаце пракаментаваць сустрэчу нунцыя Гужэроцці з палітвязнямі?

- Як каталік я вітаю цяперашнюю актыўнасць Касцёла і Ватыкана. Лепш позна, чым ніколі. Пасля 19 снежня 2010 года ні кіраўнікі Царквы, ні кіраўнікі Касцёла ў Беларусі так і не змаглі нават вымавіць слова «палітвязень». А сёння Папа Бэнэдыкт XVI моліцца за беларускіх палітпакутнікаў і накіраваў да іх свайго пасланца. Мне часта ў Беларусі даводзілася чуць, што і Царква, і Касцёл - па-за палітыкай. Але на днях у Варшаве прайшла стотысячная антыўрадавая дэманстрацыя, фактычна арганізаваная Касцёлам. Калі б польскі Касцёл не быў бы разам з народам у часы дыктатуры, ён бы не меў сёння такога аўтарытэту.

- Як перашкодзіць чарговай злачыннай задуме ўлады - гандлю палітвязнямі?

- Вельмі проста: ніякіх перамоваў з лукашэнкаўскім рэжымам на Захадзе і байкот дыктатуры ўнутры краіны.

- Добра. «Выбары» байкатавалі. Што далей?

- Хачу паўтарыцца. Ціхі сабатаж часта значна больш эфектыўны, чым актыўныя дзеянні. Гэта іншая форма супраціўлення, якая з'яўляецца значна больш масавай, чым удзел у дэманстрацыі. Як нервова рэагавалі ўлады на тых, хто моўчкі пляскае ў далоні на вуліцы! Для рэжыму гэта вельмі страшна, таму яны ўвялі юрыдычны алагізм «калектыўнае дзеянне або бяздзейнасць». Цяпер нябачнымі ворагамі сталі ўжо мільёны людзей. Сёння ў дачыненні да дыктатуры час калектыўнага байкоту і сабатажу. А заўтра - хваля актыўнасці вернецца зноў. Чытайце Джына Шарпа і рыхтуйцеся да вырашальнай бітвы.

Напісаць каментар 144

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках